2 снежня 2016 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся літаратурна-музычны вечар, прысвечаны прэзентацыі 7-ай па ліку кнігі «Спадчына» вядомай даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака “Награда года - 2014” Настассі Сазанковой.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/94-081216#sigProId4f2f316006
“Беларусь – мая душа, а Латвія – сэрца.
Разарваць бы папалам – душа не ірвецца…”
Такімі радкамі пачынаецца новая кніга вершаў А.Сазанковай, якая даўно жыве ў Латвіі і горача яе любіць, але душой належыць роднай Беларусі.
Настасся Сазанкова нарадзілася на Віцебшчыне, сапраўдная дачка беларускага народа “ад сахі і касы”, сама вялікі працаўнік і ліча, што ў аснове ўсяго ляжыць праца, стараннасць, бескарыслівасць і дабрата. Закончыла медыцынскае вучылішча ў Полацку, потым Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску. Усё жыццё працавала ўрачом і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Як вышэйшая адзнака талента ўрача, у час яе дзяжурства гучалі словы хворых аб тым, што калі сёння дзяжурыць А.Сазанкова, то ніхто не памрэ. А.Сазанкова ўваходзіць у Аб’яднанне вольных мастакоў Латгаліі, актыўны член культурна-прасветніцкага таварыства “Уздым”, піша карціны, вершы, выдае кнігі.
Сёмая па ліку кніга “Спадчына” прысвечана роднай Беларусі, шчымлівым успамінам з дзяцінства і юнацтва, радасным і трагічным падзеям сваёй радзімы, прыродзе, каханню, простым людям-працаўнікам. Гэтая кніга – песня, якую аўтар праспявала сваёй роднай Беларусі, сваёй малой радзіме і бацькоўскай зямлі (в. Захарнічы Віцебскай вобл.). У ёй ёсць 20 аўтарскіх малюнкаў, сярод якіх тры абразочкі Прасвятой Багародзіцы. Усе вершы ідуць ад сэрдца, таму вельмі лірычныя, працятыя радасцю, цяплом душы, любоўю, болем, надзеяй, гумарам і аптымізмам.
Вечар пачаўся з выступлення кіраўніцы ЦБК Жаны Раманоўскай:
“У пачатку было Слова... - Першы радок з Евангелія ад Іаана.
Не нашкодзь... - Старэйшы прынцып медыцынскай этыкі.
Гэтыя дзве парады, як законы, тысячагоддзі таму назад засталіся людзям у якасці духоўнай спадчыны. Шаноўная Настасся Аляксандраўна, вы – той рэдкі таленавіты чалавек, які ідзе па жыцці, кіруючыся гэтымі законамі: ведаеце кошт кожнаму Слову і шануеце кожнага чалавека, каб не нашкодзіць нікому. І застаўляеце свету свою спадчыну – у малюнках, вершах, кнігах. Таму глыбока сімвалічна, што ў гэты ціхі адвэнтскі час мы прадстаўляем чытачам Ваш новы зборнік пад назвай “Спадчына”…”
А потым было шмат музыкі і песень, паэзіі і ўспамінаў. Вершы А.Сазанковай вельмі яскрава і натхнёна гучалі як у выкананні аўтара, так і яе даўніх сяброў Галіны Сантоцкай, Тэрэзы Паўлавай, Марыі Памецька. Асноўную музычную частку вечара ўзял на сябе ансамбль сеньёраў “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч), які выканаў на працягу вечара шмат лірычных і кранальных песень. Музычныя падарункі таксама паднеслі член праўлення “Уздыма” Зінаіда Сіліня і паэтка Людміла Вілюма, дуэт у складзе паэткі Таццяны Рускулэ і барда Алены Віткевіч. У якасці музычнага фону на працягу вечара гучаў саксафон (Леанід Грышакоў) і скрыпка (Лідзія Кухаренка); і любімыя мелодыі, несумненна, прыдалі вечару асаблівы лірычны і душэўны настрой.
Гэта ўжо шостая прэзентацыя кніг А.Сазанковай, якая прайшла ў Цэнтры беларускай культуры. І правяла яе на самым высокім узроўні даўняя сяброўка паэткі і сузаснавальнік беларускага таварыства “Уздым”, ветэран культуры Яўгенія Вячаславаўна Гуляева. У яе выкананні асабліва пранікнёна гучалі ўспаміны і вершы з новага зборніка, расказ аб самой Настассі і яе нялёгкім жыцці, напоўненым выпрабаваннямі. “Але жыццё працягваецца, спяваюць салаўі, квітнеюць вішні – і няхай так будзе заўсёды”, - на такой аптымістычнай ноце закончыла Я.Гуляева сваю выдатна падрыхтаваную прэзентацыю.
А потым было шмат кветак і цёплых віншавальных слоў для Настассі Аляксандраўны ад яе даўніх сяброў, таленавівых асоб і проста цудоўных людзей з паэтычнага і творчага круга: старшыні Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі Марыі Сафронавай, паэтаў Людмілы Вілюмы і Яўціхія Канаплёва, Кацярыны Андрэевай, Анатоля Харына, а таксама ад Сафіі Кавалёвай-Крываносавай,.
Вечар закончыўся пад чароўныя гукі саксафона. Да новых цікавых сустрэч і новых прэзентацый у Цэнтры беларускай культуры!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306