Экспазіцыя “Беларуская хатка” уяўляе сабой інтэр'ер беларускага сялянскага дома 20-га стагоддзя. Тут размешчаны розныя прадметы побыту і прылады працы сялян, узоры ткацтва і вышыўкі, ганчарныя вырабы, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з культурай і побытам беларускай вёскі.
У беларускай хаце існуе той жа парадак, што і ў прыродзе: усё гарманічна і рацыянальна. Столь звязвалася ў народных уяўленнях з небам, падлога – з зямлёй, падпол увасабляў падземны свет, вокны – святло.
Уладкаванне беларускай хаты складаецца з чырвонага кута, печы, стала, лавы.
Важнае месца ў хаце займае покуць (“чырвоны кут”), дзе знаходзіцца абраз Божай Маці. Тут развешвалі іконы, упрыгожвалі тканымі вышыванымі ручнікамі, размяшчалі асвечаныя ў царкве каласы і травы.
Ганаровае месца ў хаце займае печ. Печ засланая вышыванай прасцінай. На печы спіць “дзед”, накрыты коўдрай. Топка печы прычынена вышыванай ільняной фіранкай. Пад печчу ёсць падпечак, каля якога ляжаць дровы. Побач стаяць ухваты. Насупраць печы знаходзіцца “бабін кут”. Тут сабраны зробленыя з дрэва прадметы побыту: бочка для збожжа, ступа, маслабойка, карыта для цеста, лапата для выцягвання хлеба з печы і інш.
У цэнтры хаты, бліжэй да “чырвонага кута”, стаіць стол, пакрыты даматканым ільняным абрусам. На стале – звыклыя ў гаспадарцы рэчы: гаршчок, чыгунок, газавая лямпа, кошык з лекавымі травамі. Пад абразамі ля стала стаіць лава, пакрытая даматканым дываном.
На бачным месцы размешчаны аўтэнтычны куфар для пасагу, у якім сабраны рукадзельны тэкстыль: тканыя абрусы, прасціны, дываны, вышываныя ручнікі, сурвэткі, паясы.
У плеценым з лазы куфэрку складзена хатняе начынне. Тут жа – старадаўнія металічныя прасы і драўляныя каталкі-прасы.
Доўгімі зімовымі вечарамі сялянкі займаліся рукадзеллем – ткалі, пралі, вязалі, шылі, вышывалі. У экспазіцыю ўваходзяць паменшаная копія ткацкага станка і калаўрот у поўную велічыню. Цэнтральную сцяну хаты ўпрыгожвае вышыты дыван, а на падлозе разасланыя тканыя і вязаныя палавікі і кілімкі.

