30 сакавіка ў Фарштацкай культурнай прасторы адкрылася выстава “Больш чым цацка: традыцыйная беларуская лялька”. Экспазіцыя прапануе ўнікальны погляд на спадчыну беларускай традыцыйнай культуры, знаёмячы наведвальнікаў з дзясяткамі сувенірных і аўтарскіх лялек.
Аснову выставы складае калекцыя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), якая дбайна стваралася на працягу амаль трыццаці гадоў. Экспанаты ўражваюць разнастайнасцю матэрыялаў: тут прадстаўлены лялькі з дрэва, керамікі, саломы, лёну, бавоўны і нават паперы. Большую частку калекцыі складаюць сувеніры, падораныя Цэнтру дэлегацыямі, гасцямі і жыхарамі горада, а таксама ўзнагароды, атрыманыя ансамблямі ЦБК на фестывалях. Побач з імі экспануюцца фальклорныя, этнаграфічныя, абрадавыя, абярэгавыя лялькі, а таксама тэатральныя і аўтарскія мастацкія працы. Як падкрэслівае куратар выставы Жанна Раманоўская, кожная лялька мае сваю асаблівую гісторыю.
Агляд выставы пачынаецца з дзвюх выразных аўтарскіх лялек — Казіміра і Станіславы. Іх аўтар Надзея Свірковіч распавяла прысутным пра творчы працэс і ідэю стварэння буйнафарматных вобразаў для музейнай экспазіцыі “Беларуская хатка”.
Методык Марыя Памецька прадставіла лялек-манекенаў у беларускіх нацыянальных строях, навочна дэманструючы іх хараство.
Асобны раздзел прысвечаны тэатру. Цэнтральны экспанат — гістарычная лялька «Дзед» з прафесійнага тэатра лялек, а таксама лялькі теневага тэатра і маскі, створаныя кіраўніком тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэсай Казлоўскай.
Вялікую цікавасць выклікалі абрадавыя і абярэгавыя лялькі. Кожная з іх мае сваю функцыю: ахоўваць здароўе, прыцягваць дабрабыт, памнажаць ураджай ці дапамагаць у здзяйсненні мараў.
На мерапрыемстве ў гонар адкрыцця выставы кожны жадаючы меў магчымасць уласнаручна вырабіць ляльку-абярэг з нітак і тканіны або ўпрыгожыць паштоўку ў тэхніцы выцінанкі з выявай лялькі.
Святочную атмасферу дапоўнілі юныя артысты дзіцячай студыі “Скарбніца” (кіраўнік Анастасія Лукашонак), якія выканалі тэматычныя беларускія народныя песні.
Выстава “Больш чым цацка: традыцыйная беларуская лялька” працуе ў Фарштацкай культурнай прасторы (вул. Відзэмес, 41А, 2-гі паверх) да 30 красавіка. Цэнтр нацыянальных культур прапануе бясплатныя экскурсіі і майстар-класы для груп (папярэдні запіс па тэл. 20374840).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/818-baltkrievu-lellu-izstade-daugavpil-atklaj-tautas-trad-ciju-burv-bu#sigProId9840606bcc
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр нацыянальных культур
муніцыпальнай установы “Даўгаўпілскі Палац культуры“,
тэл. +371 20374840

