20 лютага 2026 года ў Фарштацкай культурнай прасторы адбыліся VII Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні” і публічная дыктоўка па беларускай мове, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.
У канферэнцыі “Беларускія чытанні” прынялі ўдзел даследчыкі з Латвіі і Літвы, якія вывучаюць гісторыю беларускай абшчыны Латвіі, латвійска-беларускія культурныя і гістарычныя сувязі. У чатырох тэматычных блоках: адукацыя, архіўныя знаходкі, персаналіі і гістарычная памяць, было прадстаўлена 11 дакладаў.
Адукацыя: Жанна Раманоўская расказала пра выступленне Райніса на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 годзе ў Мінску; Ганна Іванэ перагартала старонкі гісторыі Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы; Марыя Памецька азнаёміла з вопытам удзелу аматарскіх творчых калектываў Цэнтра беларускай культуры ў дзяржаўна значных мерапрыемствах – Міжнародным фальклорным фестывалі “Baltica”.
Архіўныя знаходкі: Мілана Другавейка азнаёміла з выяўленымі артэфактамі па “беларускім працэсе” 1924-1925 гадоў у дакументах Латвійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва Нацыянальнага архіва Латвіі; Інэта Яноўская расказала пра дакументы дэпутата 3-га Сейма, кіраўніка беларускага аддзела Міністэрства асветы ЛР Уладзіміра Пігулеўскага з фондаў Даўгаўпілскага мастацкага і краязнаўчага музея; Жанна Раманоўская прадэманстравала раней невядомыя фотаздымкі 1931-1935 гадоў настаўніцкай сям'і Сахаравых з прыватнага архіва.
Персаналіі: Яўген Голубеў раскрыў ролю дваранскага роду Тызенгаўзенаў у гістарычным мінулым Беларусі і Латвіі; Іосіф Рочка расказаў пра знакамітага мастака Юдэля Пэна, які вучыўся маляваць у Дзвінску; Галіна Іванова – пра “галоўнага па талерачках”: мастака Пятра Худабчонка і яго 3D-мініяцюры.
Гістарычная памяць: Алена Забельская правяла віртуальную экскурсію па віленскіх могілках Расу з акцэнтам на некропаль вядомых дзеячаў беларускай культуры; Андрусь Татур працягнуў даследаванне беларускага некропаля Латвіі – стан захавання памяці ўнутры краіны і за мяжой.
У працяг праграмы канферэнцыі “Беларускія чытанні” адбылася публічная дыктоўка па беларускай мове. Традыцыйна для дыктоўкі выбіраецца тэкст пісьменніка, які пісаў свае творы на беларускай мове, у юбілейны год для аўтара. Сёлета ў аснову дыктоўкі лёг урывак з легенды “Маці Ветру” Уладзіміра Караткевіча (30.11.1930. - 1984) – разважанне аўтара пра радзіму, свабоду і беларускую мову.
Урывак з легенды У. Караткевіча лагічна ўпісаўся ў канцэпцыю канферэнцыі “Беларускія чытанні”. Караткевіч любіў Латвію, называў яе “бурштынавай краінай”, гасцяваў тут, сябраваў з латышскімі літаратарамі і перакладаў іх творы. На мерапрыемстве была прадстаўлена выстава кніг У. Караткевіча. У сваю чаргу доктар філалогіі Валянцін Лукашэвіч прысвяціў сваё даследаванне гістарычнаму дэтэктыву У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Усе ўдзельнікі VII Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні” атрымалі сертыфікаты, падзякі і памятныя падарункі.
Арганізатар канферэнцыі: Фарштацкая культурная прастора структурнага падраздзялення “Цэнтр нацыянальных культур” установы “Даўгаўпілскі Палац культуры” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
Фота: Марыя Памецька
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/811-daugavpil-sept-to-reizi-norisinajas-konference-baltkrievu-las-jumi#sigProId3cf0d2c839
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр нацыянальных культур
муніцыпальнай установы “Даўгаўпілскі Палац культуры”
тэл. +371 27052640

