10 верасня 2025 года, у рамках Дзён паэзіі, у Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства (ЦБК) прайшла літаратурная вечарына “Разам з Райнісам”, прымеркаваная да 160-годдзя з дня нараджэння вялікага латышскага паэта.
Для беларусаў Райніс (1865-1929) – асоба амаль сакральная. Класік латышскай літаратуры быў абаронцам беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай Латвіі і прадстаўніком латвійскіх беларусаў у Сейме. Пра гэта слухачы даведаліся з лекцыі кіраўніцы ЦБК Жанны Раманоўскай.
Літаратурны вечар адкрыўся вядомай песняй на словы Райніса “Karoga dziesma” і праглядам невялікага фільма “Райніс і Даўгаўпілс”, знятага ЦБК пяць гадоў таму. У канву мерапрыемства лагічна ўпісаліся ўспаміны пра Райніса яго сучаснікаў, вядомых дзеячаў беларускай дыяспары Канстанціна Езавітава і Уладзіміра Пігулеўскага.
На мерапрыемстве прагучалі вершы Райніса на латышскай мове, на беларускай у перакладзе паэтаў М. Арочкі, Р. Барадуліна і П. Сакола, а таксама вершаваныя прысвячэнні паэтак В. Гаротнай і А. Кавалюк.
У паэтычны вянок свае вершы, прысвечаныя класіку латышскай літаратуры, напісаныя ў розныя гады, упляталі даўгаўпілскія паэты Станіслаў Валодзька, Валянціна Пруднікава, Фаіна Осіна, Яўген Голубеў, Анатоль Галлер. Прагучала некалькі вершаў у перакладзе беларускага паэта Сяргея Панізніка, радкі пра Райніса паэтаў А. Гузіка і М. Жукава.
Музычным афармленнем літаратурнай вечарыны “Разам з Райнісам” прагучалі песні ў выкананні ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка” і барда Анатоля Галлера.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/778-raina-160-dzimsanas-diena-izskaneja-dzeja-un-velt-jumi#sigProId3b1d137f8c
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.