19 жніўня 2024 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Дома Адзінства прайшло беларускае абрадавае свята “Спас”, з традыцыямі якога знаёміліся прадстаўнікі недзяржаўных грамадскіх арганізацый.
Спас - старажытнае свята, у якім цесна перапляліся паганскія і хрысціянскія традыцыі. У абрадавым календары беларусаў адзначаны тры Спасы: Мядовы, Яблычны і Хлебны. Усе яны звязаны з заканчэннем лета і зборам ураджаю.
Мядовы Спас святкуюць 14 жніўня, і ў гэты дзень на стале абавязкова мусіць быць мёд. Яблычны Спас - найбольш ушанаванае свята, адзначаюць 19 жніўня, і тады частуюцца яблыкамі, яблычным квасам або гарбатай, выпечкай з яблыкамі, яблычным сырам або варэннем. Дарэчы, у беларусаў найбольш папулярныя такія старажытныя гатункі яблыкаў, як пепінка і штэтын. Хлебны Спас прыпадае на 29 жніўня, і гаспадыні імкнуцца падаць на стол хлеб з мукі новага ўраджаю.
Нядзіўна, што са Спасам звязана шмат прымет і традыцый, з якімі пазнаёміліся госці Цэнтра беларускай культуры з Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, Нямецкага таварыства “Эрфолг” і Таварыства інвалідаў.
Музычнае афармленне святу надаў ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, а паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы пра Спас.
Пра гэтыя і іншыя цікавыя факты і традыцыі ўдзельнікам свята Спаса распавялі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і кіраўніца культурных праектаў Анастасія Бароўская. Госці з захапленнем разгадвалі загадкі на гэтую тэму і пазнаёміліся з беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам вырабу паштоўкі-выцінанкі, а ў фінале прадэгуставалі традыцыйныя пачастункі Спаса і паўдзельнічалі ў беларускай народнай гульні “Падушачка”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/697-atnacis-spas-aizrit-vasara#sigProId2bc0a62b0b
Інфармацыя падрыхтавана:
Анастасія Бароўска,
кіраўніца культурных праектаў
Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 27492159
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.