23 верасня 2016 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках дзён паэзіі прайшла музыкальна-паэтычная вечарына паэта, аўтара і выканаўцы ўласных песень Анатоля Галера «Не погасить костер души поэта…».
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/69-031016#sigProId9f52b7c863
Анатоль Галер - вядомы даўгаўпілскі паэт, музыкант, аўтар і выканаўца ўласных песень. Нарадзіўся ў 1950 годзе ў сям'і рэпрэсіраваных. Дзяцінства яго прайшло за Палярным кругам, у партовым гарадку Дудзінка Краснаярскага краю Расіі. Сям'я вярнулася на радзіму маці, у Даўгаўпілс, падчас хрушчоўскай «адлігі» у 1958 годзе. З той пары душа і сэрца Анатоля належыць гэтаму цудоўнаму гораду.
Нягледзячы на тое, што вершы ён пачаў пісаць рана, у 24-гадовым узросце, першы зборнік вершаў і песень «С открытым сердцем» убачыў свет толькі ў 2009 годзе. Потым былі зборнікі «Калейдоскоп души» (2013) і спеўнік, прысвечаны 740-годдзю Даўгаўпілса (2015). Друкаваўся ў газетах «Советская молодежь», «Строительная газета», «Миллион», у альманаху «РУСЛО» рускай пісьменніцкай арганізацыі, у зборніку «Дни поэзии», які выдаецца Даўгаўпілскай гарадской думай.
Музычную частку вечара адкрыў вакальна-інструментальны ансамбль Цэнтра беларускай культуры «Пралескі». Маладыя таленавітыя дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных беларускіх строях выканалі некалькі песень на беларускай і латышскай мовах і задалі вечару лірычны і пазітыўны настрой.
Трэба сказаць, што на вечары не толькі гучалі вершы, але і было вельмі шмат музыкі. Анатоль - шматгранная творчая асоба, не толькі піша вершы, але складае да іх музыку і сам жа выконвае. Таму свае вершы-разважанні пра філасофію жыцця, пра радзіму, пра каханне, прыроду, чалавечыя пачуцці і перажыванні аўтар не толькі чытаў, але і выконваў пад гітару. Песні на яго вершы прагучалі таксама ў выканні ансамбля «Цериба», які існуе пры Дзённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання і рэабілітацыі; дуэта ў саставе Веры Рагальчук і Валянціны Кір'яковай, саліста Аляксея Прывалава.
Так, у чаргаванні выдатных вершаў і цудоўна выкананых песень, незаўважна праляцеў час. Завяршаючы творчую сустрэчу, кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская адзначыла, што творчыя людзі: паэты, музыканты, мастакі, акцёры, заўсёды з радасцю прыходзяць у гасцінны Беларускі дом, каб падзяліцца сваімі вершамі, песнямі, акцёрскім майстэрствам і г.д. з усімі, каму гэта цікава. Уручаючы букет, яна падзякала А.Галеру за цудоўны вечар паэзіі і музыкі, пажадала далейшых творчых поспехаў, натхнення, аптымізму.
Творчая сустрэча з таленавітым паэтам і музыкантам, яркай асобай і цікавым субяседнікам прайшла ў вельмі цёплай і душэўнай атмасферы. А завяршыў яе Анатоль шматзначнымі філасофскімі радкамі свайго верша «Стучат часы»:
«Стучат часы, как колокол в тиши,
Отсчитывая оставшееся время.
Благодари судьбу и не ропщи,
С достоинством неся дарованное бремя.
И в час, когда отчаянье приходит,
Как стайер, сгруппируйся, жизнь любя,
Ведь грусть и радость, все всегда проходит,
Но выйдет солнце, землю обойдя!»
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306