16 лістапада 2023 года ў структурным падраздзяленні “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання адбыўся святочны канцэрт “Прысвячэнне Латвіі”, прымеркаваны да Дня абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.
У Цэнтры беларускай культуры з аншлагам прайшоў святочны канцэрт “Прысвячэнне Латвіі”, які пачаўся з выканання дзяржаўнага гімна Латвійскай Рэспублікі.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская павіншавала ўдзельнікаў творчых калектываў і гледачоў са 105-й гадавінай абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі, пажадаўшы ў гэтае свята адчуць сілу адзінства, захаваць веру, ганарыцца сваёй краінай, умацоўваючы яе сваёй працай, павагай і любоўю.
У святочным канцэрце ўдзельнічалі: дзіцячая студыя “Скарбніца” і вакальны ансамбль “Пралескі” (маст. кір. Анастасія Лукашэнак), харавая капэла “Спадчына” (маст. кір. Сяргей Братусеў), танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая), ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў). Праграма прагучала на латышскай і латгальскай мовах, кожны ансамбль прэзентаваў адну прэм'ерную песню. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш, прысвечаны Латгаліі. Вядучая Анастасія Бароўская арганічна звязвала канцэртныя нумары цытатамі вядомых латышскіх літаратараў.
Тэматычнае афармленне залы, патрыятычныя песні, шчырыя ўсмешкі і шчодрыя апладысменты гледачоў садзейнічалі стварэнню пачуцця яднання, душэўнай і цёплай атмасферы вечара.
Фінальную песню канцэрта – “Šeit ir Latvija” разам з ансамблем “Купалінка” спявала, стоячы, уся зала.
Са святам, Латвія!
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/648-aizriteja-svetku-koncerts-velt-jums-latvijai#sigProId11e94b7998
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры