З 4 па 5 лістапада 2023 года творчая дэлегацыя структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі “Сябры” збіраюць сяброў”, арганізаванага Нарвскім беларускім таварыствам “Сябры”.
У насычанай падзеямі двухдзённай праграме фестывалю прынялі ўдзел ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая) і салістка ансамбля “Пралескі” Анастасія Лукашэнак.
4 лістапада самадзейныя артысты з Даўгаўпілса разам з удзельнікамі з Нарвы, Таліна, Йыхвы прынялі ўдзел у фестывальным гала-канцэрце беларускіх аматарскіх калектываў, які прайшоў у Палацы культуры “Ругадзіў”. Зала была запоўненая поўнасцю, а гледачы бурнымі апладысментамі падтрымлівалі артыстаў, у тым ліку і даўгаўпілчан, якія выступілі адразу ў двух аддзяленнях канцэрта.
На наступны дзень даўгаўпілчане далі дабрачынны канцэрт у Доме апекі. Беларускія песні і танцы са шчырай удзячнасцю прымаліся кліентамі сацыяльнага дома. Ім вядучая канцэрта Марыя Памецька ўручыла традыцыйны каравай. У сваю чаргу гаспадары сустрэчы аддзякавалі самадзейных артыстаў сувенірамі, зробленымі ўласнымі рукамі.
Для большасці ўдзельнікаў паездка ў Нарву адбылася ўпершыню. Скарбонку незабыўных уражанняў ад выступленняў і сустрэч дапоўнілі экскурсія па Нарве і знаёмства з яе багацейшай гісторыяй, а таксама наведванне Пюхціцкага Успенскага жаночага манастыра ў Курамяэ, утворанага ў 1891 годзе і які знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і Нарвскае беларускае таварыства “Сябры” (старшыня Людміла Аннус) звязваюць шматгадовыя плённыя адносіны ў рамках заключанага Пагаднення аб супрацоўніцтве.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/646-sjabri-uz-festivalu-narva-aicinaja-draugus-no-daugavpils#sigProId9bfa8266fe
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры