21 кастрычніка 2023 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства адбыўся канцэрт XIIІ Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, у якім прынялі ўдзел творчыя самадзейныя калектывы беларусаў Латвіі, Літвы, Эстоніі і Польшчы.
Традыцыйны восеньскі Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя беларускай народнай культуры, прайшоў 13-ы раз.
За гадзіну да канцэрта ў фае Дома Адзінства для гледачоў працавалі: выстава карцін “Фарбамі і сэрцам” ліепайскага мастака Аляксея Касінца; выстава восеньскіх нарыхтовак беларускіх гаспадынь “Дары восені”; выстава плеценых вырабаў Надзеі Свірковіч і вырабаў з дрэва Юрыя Галоўкі; майстар-класы па вырабе лялькі-абярэга і паштоўкі-выцінанкі з аплікацыяй; творчая майстэрня па вырабе беларускай лялькі ліепайскай студыі “Васількі”.
Тэатралізаваны паказ адкрыла студыя “Паўлінка”, якая на працягу ўсяго канцэрта паказвала мініяцюры з элементамі “чартаўшчынкі”, народнага гумару і жартаў. Выступленне арганічна дапоўнілі песнямі і танцамі творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Скарбніца”.
У гала-канцэрце прынялі ўдзел вакальныя ансамблі з Латвіі – “Завіруха” (Екабпілс), “Узоры” (Ліваны), “Рабінушка” (Прэйлі), “Вытокі” (Рыга), “Мара” (Ліепая), “Журавінка” (Вентспілс), а таксама замежныя сябры – ансамбль “Світанак” (Вісагінас, Літва), трыо “Спадкі” (Тарту, Эстонія) і “Світанак” (Беласток, Польшча).
Меладычныя песні, народныя танцы, самабытны гумар, выставы і майстар-класы стварылі атмасферу яскравага свята для шматлікіх гледачоў канцэрта.
Арганізатар фестывалю – структурнае падраздзяленне “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/641-ar-parpild-tu-zali-aizriteja-xiii-baltkrievu-gadatirgus-daugavpil#sigProIdcce85647a3
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры