8-9 ліпеня 2023 года ў Вентспілсе прайшоў традыцыйны фестываль беларускай культуры “Ад Ліга да Купалля”, арганізаваны Вентспілскім беларускім таварыствам “Спадчына”. Актыўны ўдзел у свяце прынялі аматарскія калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): “Купалінка”, “Лянок”, “Пралескі”, “Паўлінка”.
Свята “Ад Ліга да Купалля” праводзіцца ў Вентспілсе з 2005 года. Пасля двухгадовага “пандэмійнага” перапынку беларуская культура, абрады і традыцыі былі зноў шырока прадстаўлены на трох сцэнічных пляцоўках Вентспілса.
Стартавалі Дні беларускай культуры ў парку Дзіцячага гарадка яркім зборным канцэртам, які адкрыў ансамбль беларускай песні “Журавінка” Вентспілскага Цэнтра культуры. Далей эстафету падхапілі гасцявыя калектывы з Даўгаўпілса, Рыгі і Ліепаі.
Ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая), самадзейная тэатральная студыя “Паўлінка” (рэжысёр Інэса Казлоўская) і салістка Анастасія Лукашэнак (вакальны ансамбль “Пралескі”) годна прадставілі сваю канцэртную праграму, вельмі добразычліва ўспрынятую гледачамі.
А ўвечары на Рыначнай плошчы ў Старым горадзе самадзейныя артысты з Даўгаўпілса прадставілі ўвазе шматлікіх прысутных яркае тэатральнае дзейства, у якім былі сабраны разам традыцыі і абрады святкавання Купалля нашымі продкамі. Маладыя закаханыя Яніна і Янка, якія шукалі і знайшлі кветку шчасця – “папараць-кветку”, Зельніца з купальскай травой, усялякая нечысць (Чорт, Ведзьма, Русалка), песні, танцы, карагоды – усё выклікала жывую цікавасць публікі. Пацвярджэнне таму – вялізарны карагод з артыстаў і гледачоў на плошчы пад песню “Купалінка” у выкананні Анастасіі Лукашэнак.
На наступны дзень даўгаўпілчане далі асобны канцэрт у Дзіцячым гарадку, а потым прынялі ўдзел у заключным канцэрце на эстрадзе ў парку “Фантазія” у Парвенце.
Ва ўсіх чатырох канцэртах гучалі вершы паэта, члена Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Станіслава Валодзькі ў выкананні аўтара.
Традыцыям правядзення Купалля ў Даўгаўпілсе ўжо не адзін год, і Цэнтр беларускай культуры падзяліўся сваім вопытам з вентспілскімі партнёрамі і гледачамі на фестывалі “Ад Ліга да Купалля”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/625-festivals-no-l-go-l-dz-kupallei-atkal-pulceja-draugus-ventspil#sigProId06584ff34c
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры