З 30 чэрвеня па 9 ліпеня 2023 года ў Рызе прайшло XXVII Уселатвійскае свята песні і XVII Свята танца (Vispārējie latviešu Dziesmu un Deju svētki), традыцыі якога налічваюць ужо 150 гадоў. Беларускую культуру з гонарам прадставілі чатыры калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): “Купалінка”, “Пралескі”, “Лянок” і “Паўлінка”.
Свята песні і танца – самая грандыёзная падзея ў культурным жыцці Латвіі, уключаная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Раз у пяць гадоў лепшыя пеўчыя і танцавальныя калектывы, якія напярэдадні прайшлі складаны адборачны агляд, радуюць дзясяткі тысяч гледачоў гучнымі песнямі і выдатнай харэаграфіяй.
Адным з самых яркіх і захапляльных момантаў па праве лічыцца святочнае шэсце “Novadu dižošanās” па гістарычным цэнтры сталіцы. Сотні калектываў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны, прыкоўваюць увагу гледачоў калейдаскопам унікальных касцюмаў і аксесуараў. 2 ліпеня, у нядзелю, у бясконцай рацэ народных строяў разнастайнасць беларускага касцюма прадэманстравалі ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” і вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”. Нягледзячы на бесперапынны дождж, калону ўдзельнікаў на працягу ўсяго шэсця цёпла і гасцінна віталі шматлікія гледачы.
Наступныя два дні, 3 і 4 ліпеня, былі поўнасцю прысвечаныя рэпетыцыям і падрыхтоўцы да канцэрта нацыянальных культур “Saules dziesmu audeklā” у Рыжскім рускім тэатры ім. М. Чэхава. У зводным канцэрце прынялі ўдзел ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў) і вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (маст. кір. Анастасія Лукашэнак). Таксама салістам быў аказаны гонар удзельнічаць у выкананні легендарных песень адкрыцця і закрыцця канцэрта:
А. Лукашэнак і Інэса Казлоўская – у “Pa saulei”; А. Лукашэнак, І.Казлоўская, Інта Іванова і Наталля Вайнэнэ – у “Pūt, vējiņi!”.
6 ліпеня ў Верманскім садзе прайшоў Дзень народаў “Raduma spēks”; усё вакол стракацела ад шматколернасці і разнастайнасці касцюмаў, шматгалосся песень і танцаў, што таленавіта і натхнёна прадэманстравалі калектывы нацыянальна-культурных таварыстваў і арганізацый з усіх куткоў Латвіі. На вялікай і малой сцэнах з фестывальнай праграмай, якая выклікала ў гледачоў шчырую падтрымку і шчодрыя апладысменты, выступілі ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая) і вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”, а тэатральная студыя “Паўлінка” (рэжысёр
І. Казлоўская) дала паказ на канцэртнай пляцоўцы на Эспланадзе.
Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская: “Выступленне адразу чатырох творчых калектываў ЦБК на юбілейным Свяце песні – гэта пераканаўчы паказчык, гэта агульны поспех нашага прафесійнага калектыву і аматарскіх артыстаў. Мы ўдзельнічалі ў святочным шэсці і ішлі ў сваіх беларускіх нацыянальных строях, спявалі на розных канцэртных пляцоўках, наведвалі розныя мерапрыемствы і адчувалі сябе часткай гэтай грандыёзнай культурнай падзеі, часцінкай Латвіі”.
Цэнтр беларускай культуры выказвае вялікую падзяку Упраўленню культуры за вырашэнне транспартных, арганізацыйных і іншых пытанняў на Святе песні ў Рызе.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/623-dziesmu-svetkos-piedal-jas-4-baltkrievu-kolekt-vi-no-daugavpils#sigProId60be4add2e
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры