З 23 па 31 мая 2023 года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) правёў серыю разнапланавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да традыцыйных Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, якія штогод праводзяцца ў канцы мая.
Як і кожны год, стартавалі Дні беларускай культуры 23 мая з богаслужэння ў гонар прападобнай святой Еўфрасінні Полацкай. Малітву ў гонар ушанаванай у народзе першай беларускай асветніцы ў храме-капліцы Св. Аляксандра Неўскага адслужыў айцец Павел Ткачэнка.
У гэты ж дзень у супрацоўніцтве з Аб'яднаннем беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы ў ЦБК адкрылася фотавыстава Паўла Сушчонка «Балетныя пастаноўкі», якая дэманструе сучаснае балетнае мастацтва найвышэйшага ўзроўню. На фотаздымках – імгненні са знакамітых балетных спектакляў «Вітаўт» і «Анастасія» Вячаслава Кузняцова, «Спартак» Арама Хачатурана, «Кармэн-сюіта» Жазэ Бізэ – Радзівона Шчадрына, «Рамэа і Джульета» Сяргея Пракоф'ева, «Балеро» Морыса Равэля і інш., пастаўленых на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.
У пятніцу, 26 мая, у канцэртнай зале Дома Адзінства адбыўся грандыёзны канцэрт Дзён беларускай культуры і ў гонар 10-гадовага юбілею харавой капэлы «Спадчына». З прывітальнымі віншавальнымі словамі выступілі арганізатар культурных мерапрыемстваў Упраўлення культуры Вікторыя Цырсэ, кіраўніца Цэнтра рускай культуры, дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы Наталля Кажанава, арганізатар культурных мерапрыемстваў Цэнтра польскай культуры Святлана Манохіна.
Творчыя калектывы даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, а таксама Цэнтра рускай культуры, Ліванскага цэнтра культуры прадставілі гледачам багатую нематэрыяльную спадчыну і падарылі яркі калейдаскоп з песень, танцаў і вершаў. На «ура» было ўспрынята выступленне юбіляраў – харавой капэлы «Спадчына», у выкананні якіх прагучалі лірычныя, вясёлыя, жартоўныя песні, сярод якіх было і нямала прэм'ерных.
Завяршыліся Дні беларускай культуры 31 мая – у літаратурнай гасцёўні ЦБК знатакі і аматары паэтычнага слова сабраліся на творчую вечарыну паэта Станіслава Валодзькі, прысвечаную прэзентацыям новых кніг паэта: «Збор твораў. Т. 2» і дзіцячай кніжкі «Як шукалі апетыт». На літаратурна-музычнай вечарыне гучалі вершы Станіслава Віктаравіча ў выкананні як аўтара, так і шматлікіх гасцей; прагучала шмат музычных кампазіцый на словы паэта і ў яго перакладзе, якія натхнёна праспявалі салісты, дуэты, творчыя калектывы з Даўгаўпілса, Ліван, Малты, Вісагінаса (Літва).
Падводзячы вынікі Дзён беларускай культуры, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская адзначыла, што Дні беларускай культуры адкрылі «гарачую» пару для творчых калектываў ЦБК: наперадзе ўдзел у Святе Даўгаўпілса, правядзенне народнага абрадавага свята «Беларускае Купалле» і выступленне на Латвійскім свяце песні і танца.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/619-daugavpil-veiksm-gi-aizvad-tas-maija-baltkrievu-kulturas-dienas#sigProIdcab03bb19f
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры