З 1 па 4 чэрвеня 2023 года Даўгаўпілс з размахам адсвяткаваў свой 748-ы дзень нараджэння, які прайшоў пад дэвізам “З Даўгаўпілсам у сэрцы”. У мерапрыемствах Свята горада таксама актыўны ўдзел прыняў Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК).
Кульмінацыяй свята стала субота, 3 чэрвеня. Насычаная, шматгранная святочная праграма была разлічана на любы густ, але асаблівае месца надавалася выступленню творчых калектываў, якія прадстаўляюць Даўгаўпілс на Уселатвійскім Свяце песні і танца.
Танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая) і вакальны ансамбль “Пралескі” (маст. кір. Анастасія Лукашэнак) першымі з калектываў ЦБК павіншавалі любімы горад. У парку Дубровіна яны парадавалі гараджан і гасцей горада кранальнымі беларускімі песнямі і запальнымі танцамі.
Адным з галоўных момантаў чатырохдзённага святкавання стала маляўнічае шэсце па вул. Рыгас муніцыпальных устаноў і прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, у якім Цэнтр беларускай культуры ўвесь час прымае ўдзел. У святочнай калоне супрацоўнікі і творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца” сумесна з беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” і яго нядзельнай школай “Вясёлка” прайшліся да плошчы Віенібас.
На галоўнай сцэне адбылося афіцыйнае адкрыццё канцэрта “На шляху да Свята песні і танца”, які далі творчыя калектывы Даўгаўпілса – удзельнікі галоўнай культурнай падзеі Латвіі. Ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў) натхнёна праспяваў дзве вясёлыя беларускія народныя песні, якія арганічна ўпляліся ў карагод песень і танцаў шматнацыянальнага Даўгаўпілса.
Дэвіз “З Даўгаўпілсам у сэрцы” як нельга лепш адлюстроўвае сутнасць свята, якое падарыла ўсім яго ўдзельнікам пачуццё яднання, гонару і любві да свайго горада.
З днём нараджэння, Даўгаўпілс!
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/618-baltkrievi-ar-m-lest-bu-sird-sveica-daugavpili-dzimsanas-diena#sigProIddad63633b0
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры