6 студзеня 2023 года, напярэдадні светлага свята Калядаў, па добрай традыцыі на гарадскіх вуліцах “калядоўшчыкі” з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) жадалі гараджанам здароўя, міру і дабрабыту ў Новым годзе.
Традыцыйна ў канцы снежня – пачатку студзеня ў ЦБК праходзіць святочны абрад “Беларускія Калядкі”, форма правядзення якога штогод мяняецца, але нязменнай застаецца сутнасць. Гэты тэатралізаванае прадстаўленне з вершамі, песнямі, танцамі, якое паказваюць “калядоўшчыкі”, пераапранутыя ў татэмных жывёл, галоўнай з якіх з'яўляецца Каза.
Вось і сёлета ў стракатых маскарадных касцюмах, пад гукі бразготкаў і званочкаў, з абавязковым атрыбутам – яркай зоркай (сімвал Віфлеемскай зоркі), на скрыжаванні вуліц Рыгас і Алеяс з'явілася вясёлая і шумная кампанія самадзейных артыстаў. Гарэзлівая Каза пакачалася ў снезе, тым самым напрарочыўшы гораду дабра і дабрабыту ў новым годзе.
Моцны мароз не даў магчымасці доўга пакалядаваць на вуліцы, таму ўсе дружна накіраваліся ў Беларускі дом, святочна ўпрыгожаны да ўрачыстасці. Тут калядоўшчыкаў зачакаліся дзеці і дарослыя, для якіх пад калядныя песні і быў паказаны традыцыйны беларускі абрад “Беларускія Калядкі”. Гаспадыня (Марыя Памецька) са сваёй памочніцай Сняжынкай (Настасся Лукашэнак) запрасілі ўсіх на свята, дзе нельга сумаваць і гараваць, трэба песні спяваць і танцаваць. Каза (Інэса Казлоўская) абсыпала ўсіх збожжам з пажаданнямі добрага здароўя, удачы, шчасця і дабрабыту. А Дзед Мароз (Вячаслаў Пятроў) са Снягуркай (Настасся Бароўская) забаўлялі гасцей гульнямі і карагодамі.
У гэты дзень на калядным свяце былі падведзены вынікі конкурсу дзіцячага малюнка “Святкуем Калядкі”, аб'яўленага ў снежні мінулага года, а таксама адкрыта выстава дзіцячых малюнкаў, дасланых выхаванцамі дашкольных устаноў і школ, а таксама дзіцячай студыі “Скарбніца” Цэнтра беларускай культуры і нядзельнай школы “Вясёлка” Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Юныя мастакі, прытрымліваючыся палажэння аб конкурсе, намалявалі амаль паўсотні работ на тэму Калядаў у сімвалах беларускага каляднага арнаменту і цудоўна справіліся з задачай.
І, вядома ж, таму дзецям было ўдвая радасна атрымаць ад Дзеда Мароза і Снягуркі не толькі цукеркі за вершы і карагоды, але і дыпломы і прызы за ўдзел у конкурсе дзіцячага малюнка. Народнае абрадавае свята “Беларускія Калядкі” нясе ў сабе зарад весялосці, пазітыву, дабра, цеплыні, душэўнасці і ўсяляе надзею на тое, што такім будзе ўвесь новы год.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/590-baltkrievi-jautri-gaja-ekatas-un-atklaja-bernu-z-mejumu-izstadi#sigProIdc043b1c223
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры