15 кастрычніка 2022 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства з аншлагам прайшоў XII Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання (ЦБК), у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы з Латвіі і Літвы.
Традыцыйнае яркае восеньскае свята з'яўляецца свайго роду каталізатарам у справе захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў, карыстаецца заслужанай папулярнасцю ў Латвіі, Літве, Эстоніі і Беларусі. Беларускія аматарскія калектывы з гэтых краін неаднаразова прымалі ўдзел у брэндавым мерапрыемстве ЦБК.
У фае Дома Адзінства было вельмі ажыўлена; яшчэ за гадзіну да канцэрта гледачоў чакалі разнастайныя выставы і майстар-класы. Радуючае вока багацце восеньскіх дароў і смачных нарыхтовак гаспадынь з беларускага таварыства “Уздым”, неверагодна прыгожыя вязаныя рэчы, вырабы ручной працы, майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў і выразных паштовак з аплікацыяй, фотазона – кожны наведвальнік ад малога да вялікага мог знайсці сабе занятак па душы.
Прывітальнымі словамі фестываль адкрыла намесніца старшыні Даўгаўпілскага латышскага таварыства Ірэна Каламажнікава, падкрэсліўшы даўнія сяброўскія адносіны з беларускай дыяспарай. Тэму разнастайнасці нацыянальных культур горада працягнуў першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Аляксей Васільеў, які адзначыў, што шматнацыянальнасць горада – гэта яго багацце, а не праблема, як думаюць некаторыя ў Латвіі. Старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава ўказала на тое, што фестываль адыгрывае важную аб'яднаўчую ролю сярод усёй беларускай дыяспары Латвіі.
Сёлета ў канцэрце прынялі ўдзел творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Скарбніца”, “Паўлінка”. Традыцыйна на “Беларускім кірмашы ў Даўгаўпілсе” выступілі самадзейныя калектывы беларускіх суполак Латгаліі – “Рабінушка” з Прэйлі, “Аколіца” з Дагды, салістка Дзіяна Дварачак з Рэзэкнэ, “Завіруха” з Екабпілса. Гасцей з этнічнай радзімы не было, а замежнымі ўдзельнікамі былі сябры з літоўскага Вісагінаса – гурт беларускай песні “Світанак”.
Упершыню культурны форум пашырыў сваю геаграфію ў межах краіны і на яго прыехалі беларускія ансамблі з Курзэмэ – “Мара” з Ліепаі і “Журавінка” з Вентспілса. А ўдзячная публіка падарыла гасцям з марскога ўзбярэжжа мора апладысментаў і доўга не адпускала са сцэны.
Па традыцыі фестывальны канцэрт завяршыўся песняй-гімнам “Беларускі дом”, створанай мясцовымі аўтарамі – паэтам Станіславам Валодзькам і кампазітарам Аляксандрам Рудзем.
Меладычныя і вясёлыя народныя песні, арыгінальныя і запальныя танцы стварылі атмасферу незабыўнага іскрамётнага свята. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская цёпла падзякавала артыстам, гасцям і гледачам, дзякуючы каму фестываль жыве, развіваецца і стварае нашаму любімаму гораду станоўчы імідж.
Як падзяліліся ўражаннямі гледачы, “вы падарылі нам выдатны канцэрт, маленькі кірмаш і масу станоўчых эмоцый!”
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/575-baltkrievu-gadatirgus-daugavpil-paplasina-robezas#sigProIdbef22d12d5
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры