21 мая 2022 года, у дзень адкрыцця Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшла юбілейная творчая вечарына “Зямны паклон” і прэзентацыя новых зборнікаў вершаў паэта Станіслава Валодзькі. Аўтар у свой 65-гадовы юбілей падвёў своеасаблівы вынік творчасці сярод аматараў і знатакоў паэтычнага слова.
Майскія Дні беларускай культуры стартавалі фотавыставай “Беларусь: цудоўныя імгненні”, прадстаўленай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі (Мінск). Агляд маляўнічых фатаграфій аб'ектаў сакральнай архітэктуры, прыгожых ландшафтаў, прыродных сімвалаў Беларусі і літаратурна-музычны вечар лагічна злучыліся ў адно цэлае агульнай тэмай любві да малой радзімы, захавання сваёй спадчыны – роднай мовы і культуры.
Станіслаў Валодзька – ураджэнец Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці; член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі і дыпломамі. Латвія, Беларусь, Польшча, Расія, Украіна, Англія – вось геаграфія тых краін, дзе публікуюцца яго вершы, адрасаваныя як дарослым, так і дзецям.
Пасяджэнне літаратурнай гасцёўні адкрыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, адзначыўшы даўняе плённае супрацоўніцтва з паэтам; рэгулярныя творчыя вечарыны і прэзентацыі новых кніг неаднаразова праходзілі ў ЦБК.
Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць лічыць, што культурныя сувязі, у тым ліку і паэтычная творчасць С. Валодзькі – гэта той масток, які ўмацоўвае сяброўскія добрасуседскія адносіны паміж дзвюма краінамі.
С. Валодзька стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” – старшыня Праўлення Іна Валюшка таксама цёпла прывітала юбіляра. Сяброўскія віншаванні прагучалі ад Цэнтра рускай культуры ў асобе Галіны Івановай, ад Цэнтра польскай культуры – Станіслава Янушкевіча, ад прадстаўнікоў Рускай пісьменніцкай арганізацыі Даўгаўпілса.
Вядучая вечары Марыя Памецька пазнаёміла прысутных з асноўнымі жыццёвымі і творчымі вехамі свайго земляка, падкрэсліўшы сімвалічнасць назвы вечара. Бо зямны паклон сёння юбіляр аддае сваёй малой роднай зямлі, продкам, родным, блізкім і аднадумцам.
Станіслаў Валодзька больш вядомы як паэт-песеннік. Многія яго вершы пакладзены на музыку, таму вечар атрымаўся з музычным ухілам. У рэпертуары ўсіх творчых калектываў ЦБК ёсць песні на яго словы. Невыпадкова канцэртная праграма пачалася з кранальнай песні “Матчына мова” у выкананні харавой капэлы “Спадчына”. А танцавальны ансамбль “Лянок” выканаў прыгожы танец “Матулін ручнік” пад аднайменную песню ў выкананні ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка”. Некалькі песень прагучала ад “новаспечанага” дуэта – салісткі Таццяны Піменавай і мастачкі Вэлты Лоцэ, барда Алены Віткевіч.
Вядома ж, у ветлівай літаратурнай гасцёўні было шмат прыезджых гасцей, з якімі ў Цэнтра беларускай культуры і С. Валодзькі склаліся даўнія творчыя і партнёрскія адносіны. Салістка з Малты Жанна Слядзеўская, дуэт з Ліванскага славянскага таварыства “Узоры” Лідзія Знотыня і Яўген Пашкевіч, сябра аб'яднання Беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, мастацкі кіраўнік ансамбля беларускай народнай песні “Світанак” (беларускі культурны цэнтр “Крок”) з Вісагінаса Сяргей Шабадалаў парадавалі віноўніка ўрачыстасці і шматлікіх слухачоў песнямі як на словы аўтара, так і ў яго перакладзе.
У творчасці С. Валодзькі ёсць і такі напрамак як “Літаратура для дзяцей” – гэта вершы, казкі і апавяданні. Адкрываючы дзіцячую старонку вечара, аўтар прадставіў кнігу для дзяцей, якая выйшла зусім нядаўна – “Добры мужык”; рэжысёр тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская выразна прачытала казку “Як зіма з вясной спрачаліся”, а вакальны ансамбль “Пралескі” выканаў гарэзлівую “Песенку вясёлкі”.
Лірычны, філасофскі, настальгічны, сумны і вясёлы настрой змяняўся ў гасцей вечара на працягу некалькіх гадзін. Дзякуючы вершам і песням на словы паэта Станіслава Валодзькі ўсе нібыта зноў пабывалі “у родная старонцы”, сутыкнуліся з яе духоўным багаццем, адчулі яе непаўторны водар і аддалі ёй свой нізкі зямны паклон.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/551-ar-zemes-paklan-sanos-jubileju-atz-meja-dzejnieks-stanislavs-volodjko#sigProId732a82d5e2
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры