17 ліпеня 2016 года ў вёсцы Пераброддзе, якая раскінулася ў вельмі маляўнічым месцы на беразе дзіўнага па прыгажосці возера ў Міёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, прайшоў юбілейны, Х фестываль народнай творчасці “Перабродская зорка”, у якім прынялі самы актыўны ўдзел творчыя калектывы даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) – танцавальны ансамбль “Лянок” і вакальны ансамбль сеньёраў “Спадчына”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/52-200716-1#sigProIdfc49f6c082
Юбілейны фестываль прайшоў з размахам. У ім прынялі ўдзел артысты з Міёрскага раёна, Браслава, Шаркаўшчыны, Пастаў, Верхнядзвінска. Беларускія творчыя калектывы з Даўгаўпілса неаднаразова прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах. На гэты раз па запрашэнні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама ў праграме фестывалю ўдзельнічалі вакальны ансамбль сеньёраў “Спадчына” (кіраўніца Яніна Юзэфовіч) і танцавальны ансамбль “Лянок” (кіраўніца Вера Сухарава).
Амаль гадзінны канцэрт даўгаўпілскіх артыстаў выклікаў у гледачоў захапленне і авацыі, тым больш, што гледачы прымалі самы непасрэдны ўдзел у свяце: спявалі, танцавалі, вадзілі карагод, арганізаваны танцавальным ансамблем “Лянок”. Вядучая праграмы - метадыст ЦБК Марыя Памецька павіншавала арганізатараў, творчыя калектывы і гасцей фестывалю са святам, пажадала ім творчага натхнення і росквіту іх цудоўнаму краю, а таксама ўручыла падарункі.
Пасля канцэрту, прагулцы па вёсцы, смачнага абеду ў кафэ на беразе возера даўгаўпілскія ўдзельнікі фестывалю “Перабродская зорка” з Міёрскага раёну адправіліся ў Браслаўскі музей традыцыйных культур, які размясціўся на беразе возера ў будынку былога млыну- помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Дырэктар музея Эла Зінкевіч расказала гасцям шмат цікавага аб экспазіцыях, прысвечаных ткацтву, пляценню, разьбе па дрэву, прыстасаванням для апрацоўкі лёну, воўны, гліны, а таксама пазнаёміла з выставамі работ мастакоў, народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, расказала аб традыцыях і звычаях жыхароў Браслаўшчыны. У знак падзякі вакальны ансамбль “Спадчына” выканаў песню “Мірта”.
А старэйшая шматгадовая супрацоўніца культуры г.Даўгаўпілса, заснавальніца культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Яўгенія Гуляева перадала ў фонд музея рэліквіі свайго бацькі, ветэрана Другой сусветнай вайны: фотаздымкі, ордэны, медалі, ваенны білет і другія каштоўныя дакументы, а таксама пісьмовае апісанне гісторыі жыцця бацькі, які быў таленавітым ва ўсім чалавекам. Ардынскі Вячаслаў Ігнатавіч быў выдатным кавалём, пчаляром, сталяром і музыкантам: цудоўна іграў на баяне і гармоніку, сам зрабіў скрыпку.
Паездка ажыццяўлялася ў рамках заключаных пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры з аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага і Браслаўскага райвыканкамаў.
Цэнтр беларускай культуры выказвае словы шчырай падзякі за цёплы і сардэчны прыём намесніку старшыні Міёрскага райвыканкама Стальмачонак Таццяне Алегаўне; начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тронькіну Аляксандру Сяргеевічу; старшыні сельскага савета Пераброддзя Дзеравянчыку Віктару Мікалаевічу; арганізатарам, удзельнікам і гасцям фестывалю; за выдатную экскурсію – кіраўніцы Браслаўскага музейнага аб’яднання Дударонак Надзеі і дырэктару Браслаўскага музея традыцыйных культур Эле Зінкевіч, за візавую падтрымку – Генеральнаму консулу Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Клімаву Уладзіміру Васільевічу.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306