9 ліпеня 2016 года, у суботу вечарам, у аблюбаваным месцы адпачынку гараджан, у парку Дубровіна, прайшло яркае, маляўнічае, тэатралізаванае дзейства пад назвай “Беларускае Купалле”, арганізаванае даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) пры падтрымцы Упраўлення культуры і Цэнтра латышскай культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/51-120716#sigProIda8996338e7
Купалле (аналагічна латышскаму Ліга) – з даўніх часоў і да сённяшняга дня адзін з самых паважаных святаў у беларусаў, якое з’яўляецца кульмінацыяй гадавога цыклу, часам найвышэйшага росквіту прыродных сіл і святкуецца ў гонар летняга сонцастаяння. Купальская ноч- самая кароткая ў годзе, напоўненая магічнымі рытуаламі з традыцыйным пляценнем вянкоў, скокамі праз вогнішча, карагодамі, пошукамі папараць-кветкі, варожбамі і прызнаннямі ў каханні. У ім цесна пераплецены як хрысціянскія, так і паганскія матывы. Галоўны сэнс купальскага свята - ачышчэнне душы і цела ад усяго негатыўнага, нячыстага і благога, ад непрыемнасцей і няшчасцяў.
Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская: «Свята Купалля ў Даўгаўпілсе праводзілася штогод, было камерным і напраўленым на беларускую дыяспару, паколькі менавіта ў гэты дзень адзначае свой дзень нараджэння беларускае таварыства «Уздым». Але два гады таму мы паказалі купальскі канцэрт у Літве, у мінулым годзе – у даугаўпілскім Палацы культуры, а ў гэтым годзе пайшлі яшчэ далей – зрабілі вялікае прыгожае свята «Беларускае Купалле» у парку Дубровіна для даўгаўпілчан і гасцей горада. Вулічныя вячэрнія канцэрты ў выхадны дзень – навінка гэтага летняга сезону ў Даўгаўпілсе, якая абяцае стаць добрай традыцыяй, цікавай для даўгаўпілчан і турыстаў».
Святкаваць Купалле для беларусаў Даўгаўпілса стала традыцыяй, але ўпершыню і з такім размахам яно прайшло ў адным з самых прыгожых месцаў цэнтра горада – у парку Дубровіна. Выхадны дзень і выдатная пагода спрыялі таму, што ў парку каля імправізаванай сцэны сабралася шмат дабразычлівых і актыўных гледачоў, якія не проста сядзелі і слухалі, але з вялікім задавальненнем плялі вянкі, пісалі запіскі і застаўлялі іх на “дрэве жаданняў”, пілі духмяны чай з мёдам, завараны на купальскіх травах, падпявалі і танцавалі.
Пляцоўка для выступлення была маляўніча і стылізавана аформлена з захаваннем народных купальскіх традыцый. Тут былі імправізаванае вогнішча, кола на шасце, упрыгожанае вянкамі і стужкамі, плот-тын, драўляныя сталы і лаўкі, старадаўнія прылады быту і, вядома ж, шмат палявых кветак, траў і калоссяў. А сцэнар свята быў так умела і прадумана складзены кіраўніцай тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэсай Казлоўскай, што двухгадзінны канцэрт прайшоў на адным дыханні, а гледачам заставалася толькі ўздыхаць са шкадаваннем, што так хутка праляцеў час.
Пранікнуцца сапраўдным духам купальскага свята гледачам дапамаглі творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) не толькі выконваў купальскія песні, але і тэатральна абыграў знакамітую беларускую песню “Касіў Ясь канюшыну”; танцавальны ансамбль “Лянок” (кіраўніца Вера Сухарэва) у маляўнічых касцюмах і вяночках выканаў некалькі прыгожых народных танцаў, зазываючы гледачоў у карагоды; а вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Настасся Малышава), салісты Аляксандр Лапа і Павел Прозар зачаравалі ўсіх сваімі лірычнымі песнямі. Натхнёна і ад душы верш “Купалле” прачытала актывістка Тэрэса Паўлава.
Ну і, вядома ж, нікога не пакінулі абыякавымі госці з Беларусі. У стылі этна прагучала некалькі песен у выкананні трыо з г.Міёры. У стыльных этнічных касцюмах, басанож, тры дзяўчыны-прыгажуні пакарылі гледачоў прафесійным спевам і прыгожымі танцамі. Яны не ўпершыню выступаюць у Даўгаўпілсе, многім знаёмы і ўжо маюць тут сваіх прыхільнікаў.
А калі на сцэне зайгралі і заспявалі “Траецкія музыкі”, якія ўпершыню прыехалі да нас з г.Барысаў Мінскай вобласці, тут ужо ніхто не змог усядзець на месцы. Ансамбль народнай песні, нягледзячы на тое, што з’яўляецца аматарскім калектывам, уразіў усіх найвышэйшым узроўнем выканання, яскравасцю, задорам, жартамі-прымаўкамі кіраўніцы ансамбля Святланы Вашкевіч. А таленавітая ігра музыканта Сяргея, які віртуозна выканаў на старадаўніх беларускіх інструментах - дудзе, жалейцы, свістульцы і нават на старажытняй акарыне, у спалучэнні з дасціпнымі тлумачэннямі на беларускай мове цалкам захапіла ўсіх прысутных. Выдатнае запальнае выкананне песен пад жывую музыку, віртуозна выкананую на многіх музычных інструментах таленавітымі беларускімі музыкантамі, захапіла, закружыла, заваражыла.
Мерапрыемства асвятлялі як мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, так і Беларускае телебачанне ОНТ з Мінску.
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку і ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні свята Упраўленню культуры, Цэнтру латышскай культуры, муніцыпальнаму прадпрыемству “Labiekārtošana-D», Паліцыі самакіравання, прэс-службе Даўгаўпілскай гарадской думы, Упраўленню камунальнай гаспадаркі, а таксама Дэпартаменту спорту і моладзі за валанцёраў, якія шмат дапамаглі ў правядзенні майстар-класу па пляценню вянкоў; сродкам масавай інфармацыі: TV Dautkom, радыё „Alise plus”, SWH+, газетам «Миллион», «Латгалес лайкс», «Сейчас», «Наш город»; парталам: grani.lv, gorod.lv, d-fakti.lv, nasha.lv; беларускаму культурна-асветніцкаму таварыству «Уздым». Самыя сардэчныя словы падзякі- усім нашым самадзейным артыстам і іх адданым і ўдзячным гледачам.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306