22 лістапада 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца фотавыстава “Беларускі позірк Даўгаўпілса” Эдуарда Літвіноўскага. З экспазіцыяй, на якой прадстаўлены партрэты беларусаў у нацыянальных касцюмах на фоне прыгожых відаў Даўгаўпілса і рэгіёну, першымі пазнаёміліся жыхары Віцебска, даўняга партнёра па садружнасці горада Даўгаўпілса. Пасля Мінска будуць Гомель, Светлагорск і Браслаў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/494-fotavystava-z-da-ga-pilsa-padarozhnichae-pa-garadakh-belarusi#sigProId4f573eef4a
Фотавыстава “Беларускі погляд Даўгаўпілса” адкрылася 22 кастрычніка 2021 года ў канцэртнай зале “Віцебск”. Гэта прэстыжная пляцоўка, на якой праходзяць мерапрыемствы знакамітага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Праект стаў магчымы дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання і Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры РБ.
Як сказаў на ўрачыстасці адкрыцця Генеральны дырэктар Дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі: “У пандэмійных умовах мы захоўваем дыялог, магчымасць сустракацца і дарыць людзям станоўчыя эмоцыі любві і сяброўства, любві да радзімы, любві адзін да аднаго. Мастаку ўдалося перадаць самае важнае: у вачах гэтых людзей столькі любві да нашай краіны Беларусі!”
Кіраўніца Упраўлення культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Элеанора Кляшчынская адзначыла плённае шматгадовае партнёрства ў сферы культуры: “Сваім візітам мы дорым надзею сабе, сябрам у Латвіі і сябрам у Віцебску, што наша супрацоўніцтва працягнецца, і наперадзе ў нас шмат добрых агульных спраў”.
“Беларускі позірк Даўгаўпілса” – першая персанальная фотавыстава маладога даўгаўпілскага фатографа Эдуарда Літвіноўскага. Ён нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, мае беларускія карані па бацькоўскай лініі з Гомельскай вобласці. Шмат гадоў у якасці валанцёра цесна супрацоўнічае з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры. Эдуард з натхненнем падтрымаў праект “Беларускі позірк Даўгаўпілса” і выдатна справіўся з задачай. Ідэя заключаецца ў тым, каб аб'яднаць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў адной фотасесіі: у нацыянальных строях, на фоне прыгожых краявідаў латгальскай прыроды, у розную пару года. Мы – розныя, мы – іншыя, і мы – частка Даўгаўпілса і Латвіі.
“Беларускі позірк... Ён глядзіць на вас з цудоўных фотаздымкаў. Гэта адкрыты, дружалюбны, добры і пазітыўны позірк тых беларусаў, якія шмат гадоў жывуць у Даўгаўпілсе, але яны выдатна памятаюць, хто яны, адкуль іх карані, яны любяць Беларусь, яны захоўваюць сваю беларускую мову і беларускую культуру і не менш любяць сваю новую радзіму – Даўгаўпілс, Латвію”, – падкрэсліла аўтар праекта, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская.
З Віцебска даўгаўпілская фотавыстава адправіцца ў падарожжа па Беларусі: Мінск, Гомель, Светлагорск, Браслаў. Гэта поспех.
Цэнтр беларускай культуры выказвае словы шчырай падзякі за дапамогу і супрацоўніцтва Упраўленню культуры, Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе, Беларускаму таварыству “Уздым”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры
Фотаздымкі: Дзмітрый Восіпаў, “Витебские вести”