9 ліпеня 2021 года прайшоў святочны канцэрт “Беларускае Купалле”, арганізаваны Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) у супрацоўніцтве з Упраўленнем культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і Даўгаўпілскім краязнаўчым і мастацкім музеем.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/476-tradytsyi-belaruskaga-kupallya-azhyli-muzejnym-dvoryku#sigProId4e8412ef77
Народнае свята беларускага Купалля ўжо стала штогадовай культурнай традыцыяй у Даўгаўпілсе, змяняючы кожны раз толькі фармат і месца правядзення. У гэтым годзе святочны канцэрт “Беларускае Купалле” адбыўся ва ўнутраным дворыку Даўгаўпілскага краязнаўчага і мастацкага музея.
Святочна ўпрыгожаная ў купальскіх матывах сцэна, імправізаванае вогнішча перад ёй, прыгатаваныя для гледачоў сталы з майстар-класам па пляценні купальскіх букетаў з лугавых траў, вырабе абярэгаў з прыродных матэрыялаў, чароўным купальскім напоем, згатаваным з травы і мёду, магчымасць сфатаграфавацца ў купальскім коле выканання жаданняў – усё стварала непаўторную святочную атмасферу.
Старт першаму ў гэтым годзе публічнаму мерапрыемству далі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць, якія нагадалі пра сакральную сілу і народныя традыцыі Купалля.
Ансамбль народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) беларускай карагоднай і вясёлай латгальскай народнай песняй адразу задаў дынамічны тон святочнаму канцэрту. Танцавальны ансамбль “Лянок” (мастацкі кіраўнік Марына Медунецкая) так ліха танцаваў польку, “Карапет” і “Канюшыну”, што сцэна аддавала рэхам. Дзяўчаты з вакальнага ансамбля “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашэнак) не толькі кранальна і таленавіта праспявалі купальскія песні, але і абыгралі міні-прадстаўленне са сплеценымі з купальскіх траў вяночкамі, а харавой капэле “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч ) падпявалі і дружна падтрымлівалі апладысментамі ўсе гледачы. Паэт Станіслаў Валодзька здзівіў “рэперскім” стылем прачытання верша “На Івана, на Купалу”, а Зельніца (Марыя Памецька) настолькі пераканаўча дзялілася сакрэтамі чароўных купальскіх траў, што некаторыя гледачы пасля прасілі даць ім гаючыя травы.
Вядучыя Ясь (Уладзімір Стасевіч) і Яніна (Алена Радзівонава) гарманічна злучылі нумары; Ірына Апэйнанэ і Дагнія Ліцвіноўская паклапаціліся аб выкананні мер бяспекі, звязаных з каронавіруснай пандэміяй; валанцёр Ілона Раманоўская шчодра частавала ўсіх травяной гарбатай, дапамагала рабіць абярэгі.
Ёсць вынік, вельмі станоўчы і пазітыўны – і гэта галоўнае. Цэнтр беларускай культуры выказвае словы падзякі за падтрымку Упраўленню культуры Даўгаўпілскай гарадской думы, Даўгаўпілскаму краязнаўчаму і мастацкаму музею, Паліцыі самакіравання, усім артыстам і гледачам, даўгаўпілскім і латвійскім сродкам масавай інфармацыі, а таксама спадзяецца на вяртанне мерапрыемстваў у звыклыя фарматы без абмежаванняў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры