У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) ужо стала традыцыяй штогод падводзіць вынікі мінулага года адкрыццём фотавыставы па выніках праведзенай работы. Вось і цяпер, напярэдадні Новага года, адкрылася фотавыстава “2020 год у Беларускім доме”, на якой адлюстраваны самыя яркія моманты творчай дзейнасці ўстановы і яго калектываў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/444-adkrylasya-vynikovaya-fotavystava-2020-god-u-belaruskim-dome#sigProId113414f071
Адыходзячы 2020 год у сувязі з пандэміяй каронавіруса стаў асаблівым для ўсіх, у тым ліку і для Цэнтра беларускай культуры. У сувязі з увядзеннем паўсюднага рэжыму надзвычайнай сітуацыі не адбыліся многія раней запланаваныя фестывалі, займальныя вандроўкі і паездкі, выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі і г.д.
Нягледзячы на гэта, паспяхова стартавала I Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, з аншлагам прайшлі Дні беларускай культуры і канцэрт да 20-годдзя танцавальнага ансамбля “Лянок”; творчыя калектывы ЦБК паспелі здзейсніць незабыўныя паездкі ў Клайпеду (Літва) і Вентспілс, праехаць з выступленнямі па Латгаліі; адбылося адкрыццё мастацкіх выстаў Васіля Малышчыца, Сафіі Шабуневіч, Надзеі Ізянёвай (Рыга); Настассі Сазанковай і Вэлты Лоцэ (Даўгаўпілс); падвядзенне конкурсу дзіцячых малюнкаў да юбілею У. Караткевіча; прайшлі майстар-класы і знаёмствы з беларускімі абрадавымі святамі.
Гэтыя і іншыя цікавыя і разнапланавыя мерапрыемствы знайшлі сваё адлюстраванне ў 10-ці тэматычных выставачных стэндах: “Х Міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, “Дні беларускай культуры”, “Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, “Беларускае Купалле”, “Фестывальны карагод”, “Сяброўскія сустрэчы” , “Абрадавыя святы”, “Майстар-класы і народныя святы”, “Культурна-грамадская дзейнасць”, “Цікавыя мерапрыемствы”.
У сувязі з надзвычайнай сітуацыяй калектыву ЦБК давялося шукаць новыя формы работы і змяняць фармат мерапрыемстваў. У анлайн-фармаце адбыўся канцэрт Х Міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, “Беларускае Купалле”, відэавіншаванне Латвіі, вебінар паміж ЦБК і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя. П.Машэрава “Тыя, якія не забываюць”, прысвечаны 155-гадоваму юбілею народнага паэта Латвіі Райніса; абрадавае свята “Піліпаўскія вячоркі”, “Фестывальны кірмашок”.
У 2020 годзе прафесійная каманда ЦБК захоплена і мэтанакіравана выконвала працу, радуючы сваіх самадзейных артыстаў, гледачоў, гасцей горада. І наглядны вынік гэтага – запоўненыя фотаздымкамі ўсе 10 выставачных стэндаў. Вынікі радуюць і ўсяляюць надзею на тое, што новы год стане лепш і адкрые новыя магчымасці для цікавых і разнапланавых мерапрыемстваў.
Фотавыстава “2020 год у Беларускім доме” будзе даступная ў ЦБК (вул. Алеяс, 68-1А) на працягу ўсяго 2021 года. Паглядзець інфармацыю аб усіх мерапрыемствах ЦБК можна на сайце bkc.daugavpils.lv, а таксама на Facebook, YouTube.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК