5 верасня 2020 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства ў рамках Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у супрацоўніцтве з культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” святочным канцэртам да 20-годдзя танцавальнага ансамбля “Лянок” адкрыў новы творчы сезон.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/413-novy-tvorchy-sezon-belarusy-adkryli-yubilejnym-kantsertam#sigProId00e0ac3d8d
Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, якія традыцыйна праводзяцца штогод, знаёмяць жыхароў Латвіі з беларускімі традыцыямі і звычаямі, з багатай культурнай спадчынай Беларусі. Такія вечныя каштоўнасці як родная мова, пісьменнасць, адукацыя, адзначаныя ў беларускім календары як Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства, далі старт новаму творчаму сезону ЦБК.
Святочнае мерапрыемства ўрачыста адкрылі намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской Думы Яніс Дукшынскі і старшы арганізатар культурных мерапрыемстваў Упраўлення культуры Дыяна Солданэ, якія падкрэслілі ў сваіх выступленнях значнасць і заслужаную папулярнасць ЦБК у шматнацыянальнай прасторы горада.
Упершыню пабывалі на Днях беларускай культуры Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць, консул Галіна Найдзёнава, першы сакратар Пасольства Беларусі ў Латвіі Юрый Колесаў; яны высока ацанілі прафесійны ўзровень арганізацыі мерапрыемства і разнастайнасць канцэртнай праграмы. Аб суквецці культур і супрацоўніцтве казалі ў віншаванні консул-саветнік Генконсульства Расійскай Федэрацыі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставалава і консул РБ у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч.
Творчыя калектывы ЦБК – ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца” і танцавальны ансамбль “Лянок” прадэманстравалі яркую канцэртную праграму, многія з песень былі прэм'ернымі.
Ну, а асновай канцэрта, вядома ж, сталі паказальныя выступленні ансамбля “Лянок” пад кіраўніцтвам харэографа Марыны Медунецкай – з лірычнымі, гумарыстычнымі і заўзятымі танцамі. Яны былі ўдастоены падзяк і грамат ад Упраўлення культуры, Цэнтра беларускай культуры, Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе, а таксама падарункаў ад сяброў, калег, Праўлення таварыства “Уздым”.
Арганізатары свята запрасілі на юбілей ансамбля “Лянок” яго папярэдніх харэографаў – Веру Кохан і Алега Захарнёва, якія са сцэны, з цяжкасцю стрымліваючы эмоцыі і слёзы на вачах, душэўна павіншавалі сваіх былых падапечных, адзначыўшы іх узрослае майстэрства і творчы рост.
Цэнтр беларускай культуры па традыцыі на гэтым свяце прымаў віншаванні ад сваіх калег – добрыя словы віншаванняў сказалі кіраўніца Цэнтра рускай культуры, дэпутат самакіравання Наталля Кажанава; кіраўніца Цэнтра польскай культуры Жанна Станкевіч, кіраўніца Цэнтра ўкраінскай культуры “Мрыя” Надзея Стахоўская, а іх ансамблі парадавалі гледачоў сваімі нацыянальнымі песнямі і танцамі. Кіраўніца Дома Адзінства Рэгіна Османэ з букетам белых руж пажадала ЦБК паспяховага старту сезона, бо іх канцэрт стаў першым у зале пасля працяглага перыяду абмежаванняў у сувязі з пандэміяй.
Гледачы бурнымі апладысментамі выказвалі свай добры настрой і атрыманы пазітыў ад канцэрта.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская падзякавала гасцей, усё аматарскія калектывы, якія выступалі, гледачоў, якія не адправіліся капаць бульбу, а прыйшлі на канцэрт, а таксама прынесла прабачэнні ўсім, каму не хапіла месца ў глядзельнай зале. Асаблівыя словы падзякі – кіраўніцтву і супрацоўнікам Дома Адзінства.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК