У аўторак, 10 сакавіка 2020 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) для вучняў трэцяга класа 3-яй сярэдняй школы прайшоў адукацыйна-гульнявы занятак і майстар-клас “Гуканне вясны” ( зазыванне вясны на зямлю).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/362-u-belaruskim-dome-shkolniki-zazyvali-vyasnu#sigProId4c3a41a9f5
Зазыванне вясны – адно з самых жыццярадасных і аптымістычных беларускіх абрадавых святаў, якое мае глыбокія карані. Заканчваецца доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня-вясна. Нашы продкі былі земляробамі, і іх жыццё шмат у чым залежала ад надвор'я. Пасля доўгай і снежнай зімы трэба было рыхтавацца да сяўбы збожжавых і выгану жывёл на луг. Вясна магла быць і ранняй, і позняй. Позняя вясна прыносіла голад. Каб паскорыць яе прыход, звычайна з сярэдзіны сакавіка – пачатку красавіка і ўладкоўвалася народнае свята “Гуканне вясны”.
Беларусы Даўгаўпілса, захоўваючы і папулярызуючы свае абрадавыя святы, штогод у рамках адукацыйнай праграмы з навучэнцамі традыцыйна “гукаюць вясну” не толькі са школьнікамі і студэнтамі горада, але і праводзяць гэтае яркае, вясёлае і музычнае свята як у Даўгаўпілскім краі, так і ў Латгаліі.
На гэты раз з абрадавымі святамі беларусаў прыйшлі пазнаёміцца трэцякласнікі 3-яй сярэдняй школы. Пасля азнаямленчай экскурсіі па Цэнтру беларускай культуры іх чакала шмат новага і цікавага: навошта і як нашы продкі зазывалі вясну, чаму асаблівую ролю мелі выпечаныя з цеста птушачкі, для чаго дрэвы ўпрыгожваліся яркімі стужкамі і многае іншае...
Дзетвару цікавіла ўсё: прадметы працы і побыту беларускіх сялян пачатку 20-га стагоддзя, выстава рукадзелля і лялек, фотавыстава і “народная бібліятэка”. Школьнікі не толькі пазнаёміліся з многімі атрыбутамі і абрадамі свята, але і з вялікім запалам і захапленнем выконвалі іх самі. Рабілі выцінанку: сваімі рукамі выразалі і клеілі птушачак-вяснянак на палачках, прывязвалі на галінкі дрэўца яркія каляровыя стужачкі і папяровыя птушачкі; пад меладычны свіст глінянай свістулькі вадзілі карагод і, падымаючы высока сваіх птушачак, гукалі вясну:
«Г-у-у-у, вясна! Г-у-у-у, красна!
Жаўраначкі, прыляціце, вясну прынясіце!»
А калі выйшла Вясна і праспявала песню пра жаўрукоў, дзеці вельмі ўзрадаваліся: з задавальненнем падпявалі і пляскалі ў далоні, а потым дружным гуртам, разам з супрацоўнікамі Цэнтра і сваімі настаўнікамі, гулялі ў вясёлую беларускую гульню “Явар, Явар, яваровы людзі”. Ну і, вядома ж, з радасцю прынялі з рук прыгажуні-вясны смачную і прыгожую птушачку-пернік.
Гадзіна заняткаў, у працэсе якой школьнікі адкрылі для сябе шмат новага, вывучылі некалькі беларускіх слоў, пазаймаліся і павадзілі карагоды, праляцела непрыкметна. Таму што галоўнае ў гэтым абрадзе – весяліцца, спяваць і радавацца жыццю.
І цяпер яны ўпэўненыя, што вясна ўжо сапраўды ўступіць у свае правы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК