10 студзеня 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адсвяткавалі “Калядныя вячоркі”, якія сталі ўжо традыцыйнымі і ў аснове якіх быў паказаны спектакль “У Калядны вечар” тэатральнай студыі “Паўлінка”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/354-roznakalyarovyya-kalyadki-nagadali-pra-tradytsyi-i-zvychai#sigProId255901e64d
“Святкуем Калядкі -
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб добры быў настрой!”
З такімі словамі ва ўтульным Беларускім доме ў студзеньскі вечар пятніцы Гаспадыня (у яе ролі была Яўгенія Гуляева) шчодра пасыпала дом зярняткамі з пажаданнямі ўсім прысутным здароўя, дабрабыту і росквіту. Яна ж распавяла шмат цікавага пра традыцыі святкавання Каляд у Беларусі, падзялілася ўспамінамі са свайго дзяцінства.
У народзе з адным з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Калядамі, звязана вялікая колькасць традыцый і абрадаў. У беларусаў існавала вялікая колькасць замоў, рытуальных дзеянняў, варожбаў, якія сыходзяць каранямі глыбока ў далёкае мінулае.
Калядоўшчыкі або, як іх яшчэ называлі ў некаторых рэгіёнах Беларусі – валачобнікі, выконвалі абрадавыя і вясёлыя песні, радавалі Гаспадыню і гасцей свята. Дзяўчаты з вакальна-інструментальнага ансамбля “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашонак) спявалі пра каляровыя Калядкі і пра каханне, пра якое марыць кожная дзяўчына, калі варожыць у святочны вечар на свайго нарачонага.
Адпаведна традыцыі, усім прысутным гэтага вечара калядоўшчыкі прапанавалі паваражыць на гэты год і згадаць, што ён кожнаму прынясе, чым парадуе. Госці з задавальненнем прынялі ўдзел у традыцыйнай забаве і з задавальненнем расказалі, як у іх часы адзначалі Каляды, падзяліліся сваімі ўспамінамі з дзяцінства.
А кульмінацыяй вячорак стаў спектакль па п'есе Валянціны Казлоўскай “У Калядны вечар” у выкананні тэатральнай студыі “Паўлінка” (мастацкі кіраўнік Інэса Казлоўская). Займальны сюжэт, бліскучы гумар, таленавітая гульня акцёраў-аматараў нікога не пакінулі абыякавым. Так у добрых успамінах і цёплых усмешках хутка праляцеў час!
А так як па традыцыі ў гэтыя студзеньскія святочныя вечары ўсім трэба было збірацца разам, каб потым на працягу ўсяго года быць побач і падтрымліваць адзін аднаго, то ўсё развітваліся са светлай надзеяй, што так яно і будзе!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Інэса Казлоўская, кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка”