У нядзелю, 15 снежня 2019 года, у канцэртнай зале Дома Адзінства вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) падарыў гараджанам і гасцям горада маляўнічую святочную праграму “І зімой цвітуць пралескі”, прымеркаваную да свайго 5-гадовага юбілею.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/347-na-zimovym-svyatochnym-kantsertse-rastsvili-praleski#sigProId51451db297
Вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” заснаваны ў Цэнтры беларускай культуры ў 2014 годзе. Як і першыя вясновыя блакітнавата-сінія кветкі, якія з'яўляюцца на вясновых праталінах пад першымі промнямі вясновага сонца, і якія далі такую сімвалічную назву калектыву з 6 самадзейных спявачак маладога ўзросту, так і “Пралескі” за невялікіх пяць гадоў раскрылі свае таленты і дасягнулі вельмі высокага выканальніцкага ўзроўню, заслужанай папулярнасці і любві гледачоў не толькі ў Даўгаўпілсе і Латвіі, а таксама ў Беларусі, Літве, Эстоніі.
Калектыў годна прадстаўляў ЦБК на Уселатвійскім свяце песні і танца, міжнародных фестывалях у Беларусі: “Славянскі базар у Віцебску”, “Браслаўскія зарніцы”, “Вянок дружбы” у Бабруйску, “Дняпроўскія галасы” у Дуброўне, “Ганненскі кірмаш” у Зэльве, “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”; а таксама “Песні памежжа” у Вільнюсе (Літва), “Вентспілскі вянок”, “Фэст” у Дагдзе, 1-м конкурсе беларускай песні ў Латвіі і многіх іншых.
Ганаровы госць вечара, консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе – Мікалай Раманкевіч, у сваім прывітальным слове павіншаваў “Пралесак” з юбілеем, адзначыў іх высокі ўзровень майстэрства і тое, што з'яўляецца даўнім прыхільнікам ансамбля, пажадаў заваявання новых творчых вяршыняў і ўручыў ганаровую грамату ад Генконсульства РБ у Даўгаўпілсе.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, якой, дарэчы, належыць ідэя стварэння маладога эстраднага калектыву, сардэчна павіншавала таленавітых дзяўчат кветкавымі кампазіцыямі, падзячнымі лістамі і сувенірамі, адзначыўшы, што Цэнтр беларускай культуры можа расці і развівацца толькі з моладдзю. Асаблівых слоў падзякі заслужана ўдастоіліся мастацкі кіраўнік ансамбля “Пралескі” Настасся Лукашонак і першы кіраўнік Настасся Малышава.
Кошык кветак, нібы з добрай казкі, сабраных у зімовым лесе, падарыў “Пралескам” партнёр ЦБК – беларускае таварыства “Уздым”. Яго кіраўніцтва з гонарам адзначыла, што беларуская дыяспара ў Даўгаўпілсе не толькі шматлікая, але і таленавітая у самых розных напрамках, і сярод іх яркай юнай зорачкай ззяюць “Пралескі”.
Рэпертуар маладога калектыву вельмі багаты і разнастайны: гэта беларускія народныя песні, фальклорныя абрадавыя песні, сучасныя і аўтарскія песні на беларускай, латышскай, латгальскай, рускай мовах у суправаджэнні скрыпкі, акардэона і народных інструментаў (выкарыстоўваюцца таксама музычныя апрацоўкі і акапэльныя спевы).
Усю разнастайную музычную палітру змаглі ўбачыць, паслухаць і ацаніць даўгаўпілскія гледачы, якія практычна запоўнілі цалкам канцэртную залу Дома Адзінства нядзельным днём. Спявачкі ў блакітных касцюмах, сугучных назве, выканалі шмат лірычных, рамантычных, вясёлых і запальных песень пра каханне, прыроду, малую радзіму. Выкананне было настолькі пранікнёным і задушэўным, што многія песні выклікалі слёзы на вачах, захопленыя крыкі “Брава!” і бурныя апладысменты.
А паколькі “Пралескі” святкавалі свой першы юбілей, то ўсе аматарскія калектывы ЦБК: ансамбль народнай песні “Купалінка”, харавая капэла “Спадчына”, танцавальны ансамбль “Лянок”, дзіцячая студыя “Скарбніца”, павіншавалі песнямі, танцамі, вершамі, шчырымі словамі і крэатыўнымі падарункамі.
Вядучыя вечара Уладзімір Стасевіч і Марыя Памецька арганічна і артыстычна аб'ядноўвалі музычныя нумары і выступленні гасцей у адзін яркі, запамінальны канцэрт.
Публіка па заслугах ацаніла цікавую і захапляльную канцэртную праграму, дзякавала ЦБК за зладжаную арганізацыю мерапрыемства, за цудоўнае выкананне нашых маладых таленавітых артыстак, у якіх наперадзе новыя непакорныя вяршыні і дасягненні!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры