3 снежня 2019 года ансамбль Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) “Купалінка” выступіў з дабрачынным канцэртам, прымеркаваным да Міжнароднага дня інвалідаў, у Дзённым цэнтры для асоб з парушэннямі душэўнага характару.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/344-belarusy-padaryli-da-ga-pilchanam-dabrachynny-kantsert#sigProIdc05158d080
Штогод, пачынаючы з 1990-х гадоў, 3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў, каб паказаць, што людзі з “абмежаванымі магчымасцямі”, якія перыядычна сутыкаюцца з рознага роду праблемамі і цяжкасцямі і з'яўляюцца менш ахаванай групай, такія ж члены грамадства, як і ўсе астатнія.
Менавіта таму ў гэты дзень творчая каманда ЦБК наведала Дзённы цэнтр для людзей з парушэннямі душэўнага характару, з якім Цэнтр беларускай культуры звязвае даўняе супрацоўніцтва, з вялікай канцэртнай праграмай. Кліенты гэтай установы рэгулярна наведваюць канцэрты, мастацкія выставы, майстар-класы, якія праводзяцца ў ЦБК. Як адзначыла ў прывітанні метадыст ЦБК і вядучая канцэрта Марыя Памецька, такія выязныя канцэрты ўжо даўно сталі добрай традыцыяй, якая абавязкова атрымае свой працяг.
На працягу гадзіны ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў), салістка Настасся Лукашонак, а таксама паэты і барды Анатоль Галер і Віталь Міхайлоўскі радавалі гледачоў сваімі то заўзятымі, то філасофскімі, то лірычнымі песнямі пра малую радзіму, пра каханне, дабрыню і душэўнасць.
А так як наступіў светлы час Адвэнту і чакання чароўнага свята Каляд, артысты выканалі песню “Ой, калядачки” і ўручылі кліентам установы прыгожыя калядныя паштоўкі. А ў канцы праграмы разам з гледачамі згулялі ў займальную беларускую народную гульню “Падушачка”. Усе з велізарным задавальненнем вадзілі карагод і з натхненнем падпявалі гульнявую песеньку.
Кіраўніца Дзённага цэнтра для людзей з парушэннямі душэўнага характару Святлана Крупеніна падзякавала артыстаў за выдатнае выступленне, а ЦБК – за шматгадовае плённае супрацоўніцтва.
Святочны і вясёлы настрой, станоўчыя эмоцыі, душэўная цеплыня і чалавекалюбства імгненна перадаюцца іншым людзям і робяць іх жыццё куды больш светлым, добрым і больш чалавечным. Удзячныя гледачы падпявалі, танцавалі і ад душы апладыравалі пасля кожнага нумара, не шкадуючы далоней, і доўга не хацелі адпускаць артыстаў.
Давайце часцей дарыць адзін аднаму часцінку ўвагі і дабра!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры