Рэспубліка Беларусь упершыню выдала кнігу пра творчыя калектывы беларусаў замежжа. У яе ўвайшла інфармацыя і фатаграфіі пра Даўгаўпілс: Цэнтр беларускай культуры, беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” і калектывы “Купалінка”, “Лянок”, “Паўлінка”, “Пралескі”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/340-u-knigu-pra-belarusa-zamezhzha-vajshla-infarmatsyya-pra-da-ga-pils#sigProId5ed4841d7e
Кніга “Творчыя калектывы беларусаў замежжа” выдадзена ў 2019 годзе па падпраграме “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. У ёй аб'яднаная інфармацыя аб аматарскіх калектывах на ўсіх кантынентах свету, куды завёў лёс беларусаў і дзе дзейнічаюць беларускія арганізацыі і калектывы. Тыраж энцыклапедыі – 100 асобнікаў. Яе складальнікі – В.Грышкевіч і А.Лозка.
“Упэўнены, што гэтае выданне стане новым штуршком да руплівай дзейнасці ўсіх беларусаў, якія з'яўляюцца натхнёнымі носьбітамі сваёй нацыянальнай культуры і мастацтва за мяжой”, – гаворыцца ў звароце да чытачоў міністра культуры РБ Юрыя Бондара.
Раздзел аб беларусах Латвіі апавядае пра гістарычныя сувязі двух суседніх народаў, пра актыўны беларускі рух у міжваенны перыяд, сучасныя арганізацыі і аматарскія калектывы, у тым ліку пра Беларускае таварыства “Уздым” і Цэнтр беларускай культуры. Матэрыялы ілюстраваны фотаздымкамі ансамбляў “Купалінка”, “Лянок”, “Пралескі” і тэатральнай студыі “Паулінка”.
На ўрачыстасці завяршэння творчай стажыроўкі кіраўнікоў творчых калектываў і арганізацый беларусаў замежжа ў Мінску кіраўніца Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры РБ Вольга Антоненка перадала ўнікальную кнігу ў дар Цэнтру беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская