5 ліпеня 2019 года ў Даўгаўпілсе прайшло свята, якое ўжо стала папулярным - «Беларускае Купалле», арганізаванае Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК). У яркім тэатралізаваным паказе прынялі ўдзел творчыя калектывы ЦБК, нацыянальна-культурных таварыстваў горада, а таксама госці з Рыгі і Беларусі. Нібы па замове праліўны дождж вечарам узяў перадышку і дазволіў у Цэнтральным парку разгарнуцца святу летняга сонцавароту – пад зводам неверагоднай, двайной вясёлкі!
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/316-belaruskae-kupalle-zazzyala-simi-kolerami-vyasjolki#sigProIdbf6c31d2ce
Услед за латышскім Ліга свята летняга сонцастаяння святкуюць славяне, і традыцыйна ў Даўгаўпілсе свята Купалле праходзіць пад беларускім акцэнтам.
Купалле лічыцца адным з самых старажытных святаў, якое звязана з днём летняга сонцастаяння і мае язычніцкія карані. У купальскую ноч людзі дзякавалі Агню, Вадзе і Зямлі; у гэты дзень, паводле паданняў, праходзіла ачышчэнне агнём і вадой.
У рамках мерапрыемства былі арганізаваны тэматычныя зоны, звязаныя паміж сабой агульнай тэматыкай свята: гэта і дэгустацыя чароўнага купальскага напою, і майстар-класы беларускіх рамесніц, і магчымасць уласнымі рукамі зрабіць паштоўку-выцінанку, напісаць запаветнае жаданне ля «дрэва жаданняў» ці пераскочыць праз стылізаванае купальскае вогнішча і атрымаць салодкі прыз.
Усю гэтую актыўную дзейнасць гледачы сумяшчалі з праглядам яркага святочнага канцэрта, які пачаўся са слоў прывітання ад консула Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Яўгеніі Іванаўны Барткевіч і кіраўніцы ЦБК і старшыні беларускага таварыства «Уздым» Жанны Раманоўскай.
А затым усіх ад малога да вялікага захапіла канцэртная праграма, у якой было ўсё: дынамічнае тэатральнае дзейства з песнямі і танцамі, з імклівым з'яўленнем ведзьмы і траўніцы, якая разам з дзецьмі і гледачамі прагнала нечысць. Эстафету ўсіх творчых калектываў ЦБК («Паўлінка», «Лянок», «Купалінка», «Спадчына», «Пралескі» і «Скарбніца») перанялі артысты нацыянальна-культурных цэнтраў і таварыстваў: латышскага, рускага, украінскага, літоўскага, яўрэйскага і гасцявы беларускі ансамбль з Рыгі «Вытокі».
Ну, а цвіком праграмы стаў фольк-гурт «Пліса» з г.Смалявічы (Беларусь), амаль гадзіннае выступленне якога нікога не пакінула абыякавым. Прыгожыя беларускія песні, чыстае гучанне, выдатныя галасы, якія разліваліся на ўсю акругу, выклікалі ў прысутных буру авацый і прыцягвалі новых гледачоў, многія з якіх потым параўноўвалі манеру іх выканання з легендарнымі «Песнярамі».
Свята атрымалася, нягледзячы на тое, што з раніцы і да вечара надвор'е палохала цёмнымі хмарамі, парывістым ветрам, бурай з громам і маланкай. Як па ўзмаху чароўнай палачкі, перад пачаткам канцэрта вызірнула сонейка, а ў небе над паркам некалькі разоў запальвалася вясёлка.
Госці з Рыгі і Беларусі падзякавалі каманду ЦБК за гасцінную сустрэчу і выдатна арганізаванае мерапрыемства, з гумарам адзначыўшы, што сама прырода добразычліва ставіцца да беларусаў, як бы аддаючы даніну павагі дабрыні, шчырасці і шчодрасці іх душы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.