12 ліпеня 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) падводзілі вынікі конкурсу дзіцячых малюнкаў “Беларусь мая” і ўзнагароджвалі пераможцаў. Конкурс быў арганізаваны ЦБК у супрацоўніцтве з Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” і прысвечаны стагоддзю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/313-shkolniki-namalyavali-svayu-belarus#sigProId3e267b0d22
У конкурсе малюнкаў “Беларусь мая” прынялі ўдзел больш за 30 вучняў школ Даўгаўпілса і Даўгаўпілскага краю. Усе працы былі прадстаўлены на выставе, якая з 26 чэрвеня па 3 ліпеня экспанавалася ў Латгальскай Цэнтральнай бібліятэцы. Выставу “Беларусь мая” таксама ўбачылі дзелавыя колы Латгаліі на прыёме, арганізаваным Генеральным консульствам РБ у гонар Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь у цэнтры культуры “Варпа”. А далей малюнкі вярнуліся ў ЦБК, дзе журы вызначыла пераможцаў у трох узроставых групах. 12 ліпеня адбылася ўрачыстасць узнагароджання. Дыпломы, салодкія прызы і прылады для малявання пераможцам уручалі Генеральны консул РБ Уладзімір Клімаў і кіраўніца ЦБК, старшыня беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская.
“Гледзячы на вашыя малюнкі, адразу разумееш, што на іх намалявана менавіта Беларусь, няхай гэта будзе нацыянальныя жывёлы бусел і зубр, танцоры ў народных строях або сімвалы гарадоў”, - адзначыў у сваім звароце да дзяцей У.Клімаў.
Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька павіншаваў вучняў з перамогай, прачытаў дзіцячыя вершы са зборніка, які затым з дароўным надпісам падарыў школьнікам.
Пераможцы:
Узроставая група 7-9 гадоў:
1. Лізавета Шушарт (Сілэнская асноўная школы) – “Шлях на Радзіму”;
2. Багдан Палтаронак (Сілэнская асноўная школа) – “Герб Беларусі”;
3. Арвід Сантоцкі (Даўгаўпілская сярэдняя школа №3) - ”Буслы над бабулінай хатай”.
Узроставая група 10-12 гадоў:
1. Саманта Доўгань (Даўгаўпілская сярэдняя школа №9) – “Беларусь”;
2. Караліна Бура (Даўгаўпілская сярэдняя школа №9) – “Рака дружбы, гарады-пабрацімы”;
3. Ксенія Лукашонак (Медумская сярэдняя школа) – “Бусел - птушка Беларусі”.
Узроставая група 13-15 гадоў:
1. Надзея Чарнова (Даўгаўпілская сярэдняя школа №16) – “Беларускі танец”;
2. Марына Чарнова (Даўгаўпілская сярэдняя школа №16) – “Сэрца зубра”;
3. Караліна Казачонак (Даўгаўпілская сярэдняя школа №16) – “Салодкая Беларусь”.
Спецыяльныя прызы:
1. Кацярына Кузьміч - самы юны ўдзельнік (беларуская школа нядзельнага дня “Вясёлка”) – “Родны дом”;
2. Акім Воранаў - за працу ў камандзе (беларуская школа нядзельнага дня “Вясёлка” – “Мой родны кут, як ты мне мілы”.
Арганізатары ўдзячныя ўдзельнікам конкурсу, іх бацькам і педагогам за спагадлівасць, а таксама Латгальскай Цэнтральнай бібліятэцы і Мастацкай школе “Саулес скола” - за падтрымку.
Выстава малюнкаў “Беларусь мая” будзе адкрыта ў ЦБК да 31 ліпеня.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жанна Раманоўская