17 мая 2019 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства адбыўся юбілейны святочны канцэрт “Цэнтру беларускай культуры - 20!”, прысвечаны 20-годдзю Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Грандыёзнае мерапрыемства з удзелам творчых калектываў ЦБК і шматлікіх гасцей з Беларусі, Літвы прайшло ў рамках традыцыйных майскіх Дзён беларускай культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/306-tsentr-belaruskaj-kultury-zakruzhy-usikh-u-yubilejnym-karagodze#sigProId419f2dc8fb
20 гадоў – гэта многа ці мала? У маштабах гісторыі, вядома ж, нікчэмна мала. А з “чалавечай” кропкі гледжання – вельмі значны ўзрост з моманту нараджэння, сталення і да фарміравання і станаўлення. Прайшло ўжо 20 гадоў з таго часу, калі дэпутатамі Даўгаўпілскай гарадской думы было прынята рашэнне стварыць новую бюджэтную ўстанову – Цэнтр беларускай культуры, галоўная мэта дзейнасці якога – захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры і традыцый.
Варта адзначыць, што згуртаваная каманда ЦБК пад кіраўніцтвам Жанны Раманоўскай паспяхова выконвае пастаўленыя задачы. На цяперашні момант Цэнтр беларускай культуры знаходзіцца ў рэйтынгу самых актыўных і паспяховых культурных устаноў горада. Яркі святочны канцэрт, які прайшоў з аншлагам у канцэртнай зале Дома Адзінства – таму пацверджанне!
Пад апладысменты залы і песню “Беларускі дом” на сцэну выйшла дружная каманда супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры; яны выканалі “Прывітальную” песню і запрасілі ўсіх на юбілейнае свята. Першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Ігар Прэлатаў у сваім выступленні адзначыў аб'яднаўчую ролю ЦБК у жыцці беларускай дыяспары і ўручыў Ганаровую грамату самакіравання калектыву. Дзейнасць Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры таксама адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
З цёплымі і сардэчнымі віншаванні выступілі кіраўніца Упраўлення культуры Элеанора Кляшчынская, Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, Генеральны консул РФ у Даўгаўпілсе Андрэй Уладзіміраў, прадстаўнікі ўстаноў культуры і нацыянальна-культурных таварыстваў Даўгаўпілса, беларускіх грамадскіх арганізацый Латгаліі і Літвы, партнёры з Беларусі.
А каб глядач не сумаваў, кожнае віншаванне чаргавалася песнямі і танцамі. У тэатралізавана-музычным прадстаўленні прынялі ўдзел усе творчыя калектывы Цэнтра з прэм'ернымі нумарамі: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка”. Уцешна, што на канцэрце адбыўся дэбют дзіцячай студыі “Скарбніца” з песняй “Беларусь чароўная”.
Яркія музычныя падарункі прывезлі госці з Беларусі: дуэт сясцёр Дар'і і Яўгеніі Шук (г.Міёры) і фальклорны ансамбль «Грамніцы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (г. Мінск). Гледачы былі ў захапленні ад вельмі чыстых аўтэнтычных спеваў і танцавальных пастановак гэтага студэнцкага калектыву.
Свята атрымалася! Заключную песню “Бывайце здаровы” усё слухалі стоячы і падпявалі. Удзячныя гледачы і даўнія прыхільнікі сваімі бурнымі і нястомнымі апладысментамі дзякавалі за выдатна арганізаванае мерапрыемства, за чарговую магчымасць зноў акунуцца ў кругазварот багатай беларускай культуры і атрыманыя незабыўныя эмоцыі!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.