23 красавіка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся літаратурна-музычны вечар паэткі Ліліі Воранавай з сімвалічнай назвай «Першацвет», які даў назву не толькі мерапрыемству і першай кнізе, але і стаў сімвалам першага кроку на паэтычную дарогу.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/302-u-tsentry-belaruskaj-kultury-adkryli-novae-paetychnae-imya#sigProIdcce3014497
Лілія Воранава нарадзілася ў Беларусі, у Міёрскім раёне – краі журавінавых балот і жураўлёў, у шматдзетнай сялянскай сям'і. Вясковыя абшары, васільковыя поля, блакітнае неба з мудрагелістымі аблокамі, якое адлюстроўваецца ў глыбіні азёр, наклала глыбокі адбітак на тонкую ўражлівую натуру і ўжо ў 7-ым класе дзяўчынка пачала пісаць вершы. Праўда, потым на доўгі час закінула гэты занятак, і толькі праз доўгія гады, калі прыйшла ў даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, «працэс пайшоў» па новай. І зараз Л.Воранава з'яўляецца актыўным членам беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», спявае ў харавой капэле ЦБК «Спадчына»; вельмі шмат аўтэнтычных рэчаў прынесла ў дар нядаўна створанаму пры ЦБК музею «Беларуская хатка».
«Заспявай мне песню» – менавіта з гэтай музычнай кампазіцыі на словы Ліліі Воранавай, выкананай аўтарам музыкі з Браслава (Беларусь) Леанідам Лаўрыновічам, пачалася творчая сустрэча. Кіраўніца ЦБК і старшыня «Уздыма» Жанна Раманоўская разам з членам праўлення «Уздыма» Валерыем Амбросавым, уручаючы яркія прыгожыя кветкі і традыцыйныя сувеніры, павіншавалі гераіню вечара з такой вельмі значнай падзеяй у яе жыцці – першым творчым вечарам, на які прыйшло вельмі шмат сяброў і знаёмых , каб раздзяліць радасць поспеху; пажадалі пасля першага кроку ўпэўнена крочыць па паэтычнай сцежцы і ні дня не жыць «без радка». Дарэчы, менавіта з падачы Ж.Раманоўскай, якая ўмее знаходзіць і адкрываць новыя імёны, адбыўся першы творчы вечар паэткі.
Л.Воранава была нешматслоўная: трохі распавяла пра сябе і прачытала некалькі сваіх вершаў. Яе шчодрая, сціплая і шчырая беларуская натура не дазволіла ёй цэлы вечар самой чытаць свае вершы. У кожнага, хто хацеў, была магчымасць выбраць любы ўпадабаны твор. І такіх жадаючых было вельмі шмат; кожны знайшоў нешта сваё, блізкае і роднае; кожны з трапятаннем і пранікнёнасцю чытаў вершы і казаў добрыя словы падзякі за радкі, якія пранікаюць душу.
Не абышлося, вядома ж, без песень у выкананні харавой капэлы «Спадчына» і групы з яе складу, многія з якіх гучалі ў перакладзе Л.Воранавай. Вершы, байкі, песні, прыпеўкі, цёплыя словы і віншаванні змянялі адно аднаго ў яркім калейдаскопе так жыва і цікава, што час прабег непрыкметна. Лілія Воранава сардэчна, са слязамі на вачах, дзякавала Цэнтру беларускай культуры за ідэю і арганізацыю вечара; усіх тых, хто сабраўся, блізкіх, сяброў і чытачоў – за падтрымку; сваю любімую харавую капэлу «Спадчына» - за песні; персанальна паэта Паўла Плотнікава – першага, хто ацаніў яе паэзію і адкрыў дарогу ў творчае жыццё.
Першая, хай і невялікая кніга ў электронным выглядзе пад назвай «Першацвет», выдадзеная Науенскай народнай бібліятэкай, ужо чакае сваіх чытачоў. Чакаем працягу!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A