29 сакавіка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася творчая вечарына паэта Яўгена Голубева «Стихи – как зеркало стихий…», на якой аўтару ўдалося спалучыць незлучальнае – чорнае з белым, выпадковае з заканамерным, мінулае з сучаснасцю...
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/299-vershy-ya-gena-golubeva-adpravili-padarozhzha-vakol-svetu-i-ljosu#sigProId84a5a0857c
Яўген Голубеў – член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, паэт, ганаровы член Дзівееўскага Літаратурнага саюза, кіраўнік асацыяцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса «DINA-ART», гісторык-краязнаўца, філолаг, аўтар зборнікаў вершаў і кніг для дзяцей, рэдактар шэрагу паэтычных зборнікаў іншых аўтараў. У 2012 годзе ўзнагароджаны памятным медалём «А.С.Грибоедов 1795-1829». Публікуецца ў газетах і часопісах Латвіі, Расіі, Беларусі, Балгарыі. Частка яго твораў перакладзена на беларускую, нямецкую, балгарскую, латышскую і латгальскую мовы.
Вялікі ўплыў на станаўленне Я.Голубева як паэта зрабіў беларускі горад Баранавічы, дзе ён служыў па размеркаванні і наведваў літаратурны гурток; там жа ўвайшоў у літаратурнае аб'яднанне, у якім прылучыўся да сэнсу і значнасці паэтычнага слова. У Баранавічах яго вершы сталі чытаць і публікаваць; цыкл вершаў прысвечаны блізкай, светлай і роднай сэрцу Беларусі.
Творчыя сустрэчы з паэтам неаднаразова праводзіліся ў ЦБК, і гэта не проста супадзенне. Яўген Георгіевіч – даўні і актыўны член беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». «Мы спадзяемся, што калі-небудзь Яўген Голубеў уступіць і ў Саюз пісьменнікаў Беларусі!» – выказала надзею кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, калі прадстаўляла паэта і ўручала яму разам з членам праўлення «Уздыма» Валерыем Амбросавым традыцыйную афішу мерапрыемства, кветкі і памятныя сувеніры .
Я.Голубеў – яркі і цікавы суразмоўца, таленавіты апавядальнік. Таму і на гэты раз у гасцінным Беларускім доме сабралася шмат сяброў і прыхільнікаў яго паэзіі. Падарожжа па свеце пераплялося з падарожжам па жыцці. Дзякуючы займальнаму аповяду героя вечара прагуляліся па вулачках Рыгі, Батумі, Бухары, Самарканда, Ташкента, Рыма, Венецыі, Парыжа; прайшліся па мастку успамінаў, перакінутым аўтарам з далёкага мінулага ў сучаснасць. Паэт часцяком са слязамі на вачах з асаблівай цеплынёй успамінаў сваё дзяцінства ў вёсцы: утульны вясковы дом бабулі і дзеда з хвалюючым пахам свежага хлеба, неабсяжныя васількова-рамонкавымі палі, рой хрушчоў, вясковую вольніцу і купанне ў рэчцы ў кампаніі падшыванцаў-аднагодкаў. Усё гэта, а таксама цяга да чытання і разумення ўсяго нязведанага, ярка адклалася ў памяці і сфарміравала тонкую паэтычную струну ў душы будучага паэта. А ў выніку знаёмства з даўгаўпілскай паэткай Фаінай Осінай у сакавіку 1999 года ў свет выйшаў першы паэтычны зборнік «Сонца ў стагах», у якім ёсць радкі, што далі назву гэтаму вечару:
«Мои стихи – как зеркало стихий
души открытой в этот миг и хрупкой»
Аб стыхіі-паветры, аб ветрыку, які пранёс слухачоў праз розныя часы і эпохі, казала супрацоўніца Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова; пра тое, як складалі музыку на вершы Я.Голубева, распавяла кіраўніца харавой капэлы «Спадчына» Яніна Юзэфовіч; аб умераным аптымізме, крылатых марах і песнях надзеі разважаў кіраўнік ансамбля «Kvarta plus» Анатоль Байко. Лірычныя і вясёлыя песні ў цудоўным выкананнi гэтага калектыву неаднаразова гучалі на працягу вечара; пад іх акорды і закончыўся гэты дзіўны, пранізваючы душу паэтычным словам таленавітага паэта Яўгена Голубева вечар.
Новая кніга ўжо рыхтуецца да выдання. Чакаем працягу!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A