18 студзеня 2019 года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) пачаў новы навукова-пазнавальны цыкл «Беларускія геніі», прысвечаны свайму 20-годдзю. На працягу года ўсе жадаючыя адкрыюць для сябе імёны знакамітых беларусаў – пісьменнікаў і паэтаў, спартсменаў і касманаўтаў, палітыкаў і навукоўцаў, мастакоў і музыкантаў. Старт новаму праекту дала тэма асветы.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/281-asvetniki-adkryli-paznavalny-tsykl-belaruskiya-genii#sigProId54a0c7e5b6
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская распавяла, што ў рамках праекта «Беларускія геніі» будуць успамінаць імёны ўсіх, кім па праву ганарыцца Беларусь: са старажытных часоў да нашых сучаснікаў, а таксама будуць адзначаны беларуска-латвійскія сувязі.
Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч у прывітальнай прамове пазначыў важнасць цыклу «Беларускія геніі» у кантэксце 20-гадовага юбілею Цэнтра беларускай культуры.
Гледачы здзейснілі літаратурны экскурс у старажытную гісторыю Беларусі, паглядзеўшы тэатральныя сцэнкі пра асветнікаў Еўфрасінню Полацкую і Францыска Скарыну ў прадстаўленні тэатральнай студыі «Паўлінка»; паслухалі і сёння актуальныя радкі з паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, кранальныя песні ў выкананні ансамбляў «Купалінка» і «Пралескі».
А цэнтральным момантам вечара стала прэзентацыя знакамітай кнігі «Terra Marianna» (Зямля Марыі). Унікальны альбом быў надрукаваны ў Рызе ў адзіным экзэмпляры і падораны балтыйцамі ў 1888 годзе Папе Рымскаму Льву XIII у гонар юбілею яго знаходжання на папскім троне.
Ініцыятыва выдання альбома «Terra Marianna» належыць мастачцы і філантропцы, графіні Марыі Пшэздзецкай з роду Тызенгаўзенаў, якая нарадзілася ў Паставах (Беларусь). Яна заказала матэрыялы аўтару тэкста і мастакам, аплаціла іх працу і само выданне дарагой кнігі; а гэта 70-старонкавы поўнакаляровы альбом у скураной вокладцы, інкруставанай золатам і серабром. Так з'явіўся ўнікальны бібліяграфічны экзэмпляр і каштоўная гістарычная крыніца пра распаўсюджванне каталіцызму ў Латвіі і Эстоніі – раней Лівоніі, якую некалі называлі зямлёй Марыі. Дарэчы, тады ў тым рэгіёне актыўна выкарыстоўвалася старабеларуская мова. Людзі жылі ў адзінай культурнай прасторы.
Кніга «Terra Marianna» захоўваецца ў апостальскай бібліятэцы Ватыкана. Дзякуючы міжнароднаму праекту, да якога меў непасрэднае дачыненне асацыіраваны прафесар Даўгаўпілскага ўніверсітэта, доктар гісторыі Хенрыхс Сомс, быў надрукаваны наклад факсімільных выданняў унікальнай гістарычнай кнігі. Яе прэзентацыя адбылася ў тым ліку і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Пра ўсё гэта вельмі цікава прафесар Х.Сомс распавёў слухачам на вечары ў Цэнтры беларускай культуры. Яны мелі магчымасць дакрануцца да гісторыі, пагартаць і пачытаць адну з 10 копій «Terra Marianna», якая ўвесь час захоўваецца ў Даўгаўпілскім універсітэце.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры