24 лістапада 2018 года ў рамках VIII Міжнароднага фестывалю народнай культуры «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная мастацкая выстава карцін «Мой родны кут...» Галіны Жэлабоўскай – прафесійнага мастака, члена Аб'яднання беларускіх мастакоў «Маю гонар», Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі і таварыства творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса «Дзіна-Арт».
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/270-vobrazy-maloj-radzimy-kartsinakh-galiny-zhelabo-skaj-adkrylisya-belaruskim-dome#sigProId81440e30ce
Галіна Жэлабоўская нарадзілася ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці (Беларусь). У 1982 году закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Шмат гадоў жыве ў Даўгаўпілсе, працуе настаўнікам візуальнага мастацтва ў 16-ай сярэдняй школе, уваходзіць у склад грамадскіх арганізацый мастакоў і беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». Дзіўныя па майстэрству і прыгажосці карціны Г.Жэлабоўскай неаднаразова выстаўляліся ў Латвіі, Літве, Беларусі і, вядома ж, у Беларускім доме.
У кожнага з нас ёсць свой родны куток, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, вылецелі з роднага гнязда ў вялікі свет. І хай ва ўсіх гэта розныя месцы, але іх аб'ядноўвае родная мова, культура, традыцыі, чароўная прырода і, вядома ж, людзі – шчырыя, душэўныя, гасцінныя і хлебасольныя беларусы. Гэтая думка чырвонай ніткай прайшла як і ў эмацыйнай прамове самой мастачкі, так і астатніх выступленнях гасцей. Родная сэрцу Браслаўшчына адлюстраваная на шматлікіх карцінах Галіны Жэлабоўскай. Але і кожны з гасцей знайшоў у іх падабенства са сваімі дарагімі сэрцу месцамі.
«Выстава не выпадкова носіць назву «Мой родны кут...». Гэты год у Беларусі абвешчаны годам малой радзімы. І ўсе мастацкія выставы, якія праводзіліся ў ЦБК, былі звязаны з гэтай тэмай. А карціны таленавітага майстра як нельга лепш адпавядаюць дадзенай тэме і знаходзяць водгук у душы кожнага», - адзначыла ва ўступным слове кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
На адкрыцці выставы прысутнічалі і ганаровыя замежныя госці, якія прыехалі на «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе": дэлегацыі са Светлагорска (Расія), Таліна (Эстонія), Вісагінаса (Літва), Дуброўны (Беларусь), якія вельмі высока ацанілі майстэрства пэндзаля мастака, цеплыню і шчырасць праведзенага мерапрыемства. А ў выніку зносін змаглі дамовіцца з партнёрамі з Расіі аб правядзенні выставы ў Калінінградскай вобласці.
Выдатныя музычныя падарункі для мастачкі і ўсіх гасцей паднеслі вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі", ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка"; бард Віталь Міхайлоўскі, які выканаў пад гітару лірычныя песні, так адпаведныя настрою прысутных. А наш даўні сябар і партнёр з Літвы Сяргей Шабадалаў таксама сольна праспяваў прыгожую песню для галоўнай гераіні вечара і ўсіх гасцей пад іх шчодрыя апладысменты.
У якасці звязкаў паміж песнямі гучалі запамінальныя маналогі і вершы ў выкананні Галіны Сантоцкой, Марыі Памецька; а член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў верш роднай для мастачкі Браслаўшчыне.
Тэма малой радзімы, мілых сэрцу вобразаў і родных месцаў нікога не пакінула абыякавым, усіх закранула за жывое. Менавіта таму пасля ўрачыстага адкрыцця выставы гледачы яшчэ доўга не разыходзіліся, любаваліся карцінамі, мелі зносіны з мастачкай, абменьваліся думкамі і ўражаннямі.
«Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я…», -
гэтыя вядомыя радкі беларускага класіка Якуба Коласа як нельга лепш адпавядаюць прадстаўленым на выставе 25-ці карцінам Г.Жэлабоўскай і той непадроблена шчырай і душэўнай атмасферы мерапрыемства.
Выстава «Мой родны кут...» будзе адкрыта для ўсіх жадаючых да 24 студзеня 2019 года (з 9.00 да 17.00) па адрасе: Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А. Уваход бясплатны.
Арганізатар: Цэнтр беларускай культуры
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A