19 верасня 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылося адкрыццё персанальнай выставы карцін пад глыбокай і сімвалічнай назвай «Что в имени моем ...» вядомай Даўгаўпілскай паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака "Узнагарода года" 2014 года Настассі Сазанковай.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/263-nastassya-sazankova-adkryla-sakret-svajgo-imya#sigProId04139282ae
Настасся Сазанкова нарадзілася на Віцебшчыне, сапраўдная дачка беларускага народа "ад сахі і касы", сама вялікі працаўнік і лічыць, што ў аснове ўсяго ляжыць праца, стараннасць, бескарыслівасць і дабрыня. Скончыла медвучылішча ў Полацку, потым Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску, завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве. Усё жыццё працавала ўрачом і нават выпусціла кнігу пра лекавыя травы. Н.Сазанкова ўваходзіць у Асацыяцыю свабодных мастакоў Латгаліі, актыўны член культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" і іншых грамадскіх арганізацый, піша карціны, вершы, выдае кнігі.
Н.Сазанкова - шматгранны і таленавіты чалавек, часты госць у Беларускім доме. Тут прайшлі прэзентацыі яе сямі кніг, шмат мастацкіх выстаў. Яе паэзія – гэта песня, прасякнутая любоўю да сваёй роднай Беларусі, да сваёй малой радзімы; гэта апяванне прыроды, кахання, простых людзей-працаўнікоў; гэта ўспаміны і пачуцці, якія ідуць з глыбіні сэрца.
Тое ж самае можна сказаць і пра яе карціны. На выставе прадстаўлена больш за 20 рознапланавых работ: партрэты, пейзажы, нацюрморты. І ўсіх іх аб'ядноўвае непаўторны свет, любоў, шчырасць разам з глыбокім філасофскім сэнсам. Гэта адзначыла консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Барткевіч Яўгенія Іванаўна, якая звярнулася да мастачкі і да ўсіх шматлікіх прысутных з прывітальным словам.
У Н.Сазанковай шмат сяброў і прыхільнікаў яе таленту. Таму ў адрас мастачкі было сказана вельмі шмат цёплых і ўдзячных слоў: ад члена Саюза пісьменнікаў Беларусі паэта Станіслава Валодзькі, ветэрана культуры Яўгеніі Гуляевай, старшыні Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыі Сафронавай, паэтаў Людмілы Вілюмы і Яўціхія Канаплёва, Фаіны Осінай і многіх іншых таленавітых людзей нашага горада.
Н.Сазанкова шмат цікавага і займальнага распавядала пра сябе, пра сваё нялёгкае, але вельмі насычанае жыццё, разважала пра сваё імя, развіваючы тэму назвы выставы "Что в имени моем...". А метадыст ЦБК Марыя Памецька адзначыла, што ў імені Настасся – сапраўдная беларуская душа: шчырая, добразычлівая, шчодрая, спагадная і, вядома ж, таленавітая, як і яе карціны.
Сама віноўніца імпрэзы расчулілася да слёз і гэтымі выступленнямі, і песнямі ў выкананні ансамбля народнай песні "Купалінка" і барда Віталя Міхайлаўскага, вершамі і займальнымі аповядамі вядучай вечара Галіны Сантоцкай.
Закончылася сустрэча на вясёлай ноце: песняй "Кавалёк", якую выканалі "Купалінка" разам з Н.Сазанковой, якая калісьці спявала ў гэтым ансамблі.
Да новых цікавых сустрэч і новых прэзентацый у Цэнтры беларускай культуры!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры