20-21 лiпеня 2018 года ў раённым цэнтры Віцебскай вобласці Беларусі - г.Глыбокае - прайшлі галоўныя мерапрыемствы VI Міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль», у якіх прыняла ўдзел харавая капэла «Спадчына» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Год ад года прыгажэе Глыбокае, прырастае новымі турыстычнымі аб'ектамі, святамі і сябрамі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/248-u-vishnjovaj-stalitsy-belarusi-guchali-pesni-na-latyshskaj-move#sigProId28baaecc5e
У 2015 годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і Аддзелам культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта, якое партнёры штогод падмацоўваюць абменам вопытам і ўдзелам у фестывалях. Па запрашэнні беларускага боку на «Вішнёвы фестываль» адправіўся вакальны калектыў «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч).
На два дні «Вішнёвы фестываль» прыцягнуў у Глыбокае тысячы гасцей з Беларусі і замежжа, прадставіўшы гледачам цікавую праграму: тэатралізаваны паказ, этнавечарына, конкурс баяністаў, рэгістрацыя шлюбу "Вішнёвае вяселле", канцэрт замежных калектываў, святочнае шэсце, урачыстае адкрыццё рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы і многае іншае.
20 ліпеня ўдзельнікі фестывалю сустрэліся на цэнтральнай плошчы, дзе адбылася этнавечарына «У вішнёвым садзе». Гаспадарамі вечарыны былі артысты народнага тэатра фальклору "Цярэшка". Яны сустрэлі гасцей вішнёвым пірагом, паказалі рухі "Лявоніхі" і іншых беларускіх танцаў. А затым кожны калектыў з Беларусі, Латвіі, Расіі, Літвы, Грузіі і Польшчы правёў майстар-клас па народных танцах сваіх краін. Даўгаўпілская «Спадчына» прадставіла гледачам латышскія народныя песні "Visi mani vēji pūta" і "Iet meitiņas", а таксама латышскі народны танец: "Tudaliņ tagadiņ".
Шмат пазітыўных эмоцый, радасці і смеху выклікалі танцавальныя ўрокі, а затым шчодрымі апладысментамі гледачы віталі дэфіле ўдзельніц у «вішнёвых» касцюмах. Убор даўгаўпілчанкі Ліліі Воранавай называўся «Зімовая вішня», быў дапоўнены тэматычным капялюшыкам, а ў кошыку знаходзіліся вішнёвыя цукеркі, якімі мадэль частавала гледачоў.
Пасля этнавечарыны артысты адправіліся на бераг возера Кагальскае (гістарычная назва воз.Глыбокае, якое дала назву гораду), дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы. Па форме дом нагадвае кветку вішні, а пяць пакояў сімвалізуюць яго пялёсткі. Побач з рэзідэнцыяй устаноўлены два кованых дрэва - на адным ў выглядзе вішань намаляваныя гербы гарадоў-пабрацімаў Глыбокага, а на другім - сцягі краін-удзельніц фестывалю. Таксама каля рэзыдэнцыі стаіць бюст агранома і селекцыянера Баляслава Лапыра, з садоў якога салодкая зімаўстойлівая вішня трапіла на Глыбоччыны. У пасадцы вішнёвага саду ўдзельнічалі і прадстаўнікі Латвіі, бо ў Глыбокага ёсць горад садружнасці Віляны.
Завяршыўся першы фестывальны дзень этнадыскатэкай «У коле сяброў».
Суботні дзень «Вішнёвага фэстывалю» пачаўся ўрачыстым шэсцем ад помніка вішні на цэнтральную плошчу. Вішнёвая каралева праехала ў карэце. Госці фестывалю і жыхары горада ў суправаджэнні барабаншчыц і флаганосцаў прайшлі да галоўнай сцэны свята, дзе прайшлі цырымонія адкрыцця фестывалю і канцэрт.
«Прарыўным і бліскучым з'яўляецца фестываль у Глыбокім. Напэўна, няма такога форуму ў Беларусі, які б, з'явіўшыся ў 2013 годзе як рэгіянальны, ужо на пятым годзе існавання атрымаў статус міжнароднага», - сказаў на ўрачыстым адкрыцці« Вішнёвага фестывалю» старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
На гала-канцэрце «Вішнёвае суквецце дружбы» ансамбль «Спадчына» выканаў тры песні: латышскую "Šeit ir Latvija", беларускія "Ночка цёмная" і "Берагах белых буслоў".
"Мы спявалі на вялікай сцэне, а ўнізе ўся плошча была запоўненая гледачамі. Мы адчувалі радаснае хваляванне, адказнасць, гонар за Латвію, дзе мы жывем і як беларусы замежжа ўяўляем яе на фестывалі ў Беларусі. Латышскай песні падпявала дэлегацыя з Латвіі, а беларуская песня выклікала слёзы на вачах у многіх людзей. З Глыбокага мы прывезлі паветра радзімы, вопыт выступлення на міжнародным узроўні, новы рэпертуар ", - падзялілася ўражаннямі кіраўніца ансамбля "Спадчына" Яніна Юзэфовіч.
"Вішнёвы фестываль" быў багаты на сустрэчы і шчырыя эмоцыі. Гама нацыянальных касцюмаў, песень, танцаў, музыкі аб'яднала ў Глыбокім розныя народы і краіны - пад знакам творчасці і мастацтва. Пра гэта казаў на імпрэзе закрыцця "Вішнёвага фестывалю" мэр Глыбокага Алег Морхат, уручаючы яго ўдзельнікам дыпломы і сувеніры.
Фестывальная праграма была вельмі насычанай, аднак ансамбль «Спадчына» ў перапынках паміж выступамі паспеў прайсціся па шырокім рамесным кірмашы, прадэгуставаць беларускія нацыянальныя стравы і пачастункі з вішні на падворках сельсаветаў Глыбоцкага раёна. Дарэчы, два фестывальныя дні ў крамах Глыбокага не прадавалі алкагольныя напоі - такі «сухі закон» на асобнае свята. А яшчэ даўгаўпілчане азнаёміліся са славутасцямі горада, зрабілі фотасесію і набралі шмат уражанняў.
Глыбокае, якое нядаўна адзначыла сваё 600-годдзе, трывала заваявала тытул вішнёвай сталіцы Беларусі, а яшчэ горад на пяці азёрах называюць беларускай Венецыяй. Ён працягвае здзіўляць беларусаў і гасцей Беларусі. Нідзе больш вы не сустрэнеце такой колькасці бюстаў славутых землякоў, як на алеі ў Глыбокім.
Тут нарадзіліся авіяканструктар Павел Сухі і заснавальнік нацыянальнай школы геатэхнікі прафесар Юрый Сабалеўскі, жыў гісторык Вацлаў Ластоўскі, будаваў храмы мецэнат Юзэф Корсак, маляваў карціны этнограф Язэп Драздовіч, ставіў спектаклі родапачынальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, працаваў польскі пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч, вучыўся «бацька сучаснага іўрыту» Эліэзер Бэн-Іегуда, спяваў удзельнік Еўрабачання-2017 Арцём Лук'яненка (Навібэнд).
Спіс знакамітых землякоў пастаянна папаўняецца. Напрыклад, на мясцовых могілках нядаўна выявілася старадаўняе сямейнае пахаванне нейкага Фердынанда Мюнхгаўзена. Глыбачане вераць, што ён звязаны роднаснай сувяззю з тым самым, сапраўдным баронам. Цалкам магчыма, што Мюнхгаўзен нават бываў у Глыбокім, інакш адкуль яго гісторыя пра стральбу вішнёвай костачкай у лоб высакароднаму аленю? Так ці інакш, але ў Глыбокім усталявалі помнік Мюнхгаўзену! Да яго ансамбль «Спадчына» наведаецца ў наступны раз.
Дэлегацыя з Даўгаўпілса пакідала гасцінны горад Глыбокае пад песні знакамітага ансамбля «Беларусы» і святочны феерверк. Да сустрэчы ў наступным годзе!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры