21 чэрвеня 2018 года ў Даўгаўпілсе прайшло адно з заключных мерапрыемстваў Міжнароднага фальклорнага фестывалю «Baltica-2018», у якім прынялі ўдзел два калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): ансамбль народнай песні «Купалінка» і тэатральная студыя «Паулінка».
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/243-falklorny-festyval-baltica-2018-ubachy-belaruskiya-pesni-gulni-p-esy#sigProId07089119f7
Гэта ўжо 11-ы па ліку Міжнародны фальклорны фестываль, які праводзіцца ў Латвіі (упершыню - у 1988 годзе); і тэмай гэтага года стаў «Янаў дзень. Красаванне». Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica» - гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі культурнымі каштоўнасцямі: песнямі, інструментальнай музыкай, апавяданнямі, гульнямі, танцамі, а таксама народным прыкладным мастацтвам, рамесніцтвам і іншымі формамі праявы шматнацыянальнай народнай культуры. У ім прымаюць удзел этнаграфічныя ансамблі, фальклорныя групы, народныя музыкі, майстры-умельцы.
Такія маштабныя мерапрыемствы «Балтыкі» упершыню прайшлі ў Даўгаўпілсе.
Канцэртная праграма ахапіла некалькі пляцовак. На скрыжаванні вуліц Рыгас і Міхоэлса, у садку скульптур, прадстаўнікі нацыянальна-культурных таварыстваў з розных гарадоў Латвіі паказвалі свае нацыянальныя гульні, забавы, танцы, запрашаючы гараджан і гасцей горада ў карагоды і скокі. Разам з тэатральнай студыяй ЦБК «Паўлінка» гледачы развучылі беларускую гульню «Падушачка», навучыліся элементам беларускай полькі.
Увечары ў скверы імя Андрэя Пумпура адбыўся заключны канцэрт фестывалю, у якім прынялі ўдзел 18 фальклорных калектываў з розных рэгіёнаў Латвіі, а таксама госці з Беларусі - фальклорны гурт «Хатовічы». Сярод выступаючых былі і даўгаўпілскія беларускія калектывы - ансамбль народнай песні «Купалінка» (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і тэатральная студыя «Паўлінка» (кіраўніца Інэса Казлоўская), якія паспяхова прайшлі ў канцы 2017 года адборачны агляд калектываў нацменшасцяў для фэсту «Балтыка» і Уселатвійскага свята песні і танца. Абодва калектывы паказалі вельмі яркую і дынамічную купальскую праграму, падабенства і адрозненні абрадавага беларускага Купалля і латышскага Ліга. У песнях і тэатральных дзеяннях гучалі беларускія, латышскія і латгальскіх матывы.
З беларускімі песнямі гледачоў фестывалю «Baltica» пазнаёміў і ансамбль «Завіруха» беларускага таварыства з Екабпілса.
Наперадзе ў гэтых калектываў і вакальна-інструментальнага ансамбля «Пралескі» ЦБК вельмі адказныя і ганаровыя выступленні ў Рызе на Уселатвійскім свяце песні і танца.
Пажадаем жа ім паспяховага выступлення!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры