12 чэрвеня 2018 года ў Даугаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся творчы вечар “Мелодыя душы”, прысвечаны 80-гадоваму юбілею двух шырока вядомых беларускіх творчых людзей: кампазітара Ігара Лучанка і паэта-песенніка Уладзіміра Карызны.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/241-melodyya-dushy-luchanka-i-karyzny-praguchala-belaruskim-dome#sigProId1ecca5cfb0
Ігар Лучанок – беларускі кампазітар, які ўзяў такую вышыню ў творчасці, якую пакуль што ніхто не перасягнуў. Для музыкі народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка няма граніц. Сусветна вядомыя песні: “Алеся”, “Вераніка”, “Спадчына”, “Мой родны кут”, “Полька беларуская”, “Майскі вальс”, Пісьмо з 45-га”, “Жураўлі на Палессе ляцяць” і шмат іншых – яго надзейныя візіткі.
Уладзімір Карызна – беларускі паэт-песеннік, перакладчык, журналіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Республікі Беларусь (1996), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2008), лаўреат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2007). Лепшыя беларускія кампазітары: Ю.Семеняка, Я.Глебаў, Д.Смольскі, І.Лучанок, Л.Захлеўны, Э.Ханок, Карызна-малодшы, напісалі больш двухсот песень на яго вершы. У.Карызна з’яўляецца адным з аўтараў гімна Беларусі.
Адкрываючы вечар, кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Жана Раманоўская падкрэсліла, што гэты вечар завяршае плённую работу нашых калектываў за год, якія выступалі не толькі ў Даугаўпілсе, але і за яго межамі. А сёння кожны з іх падрыхтаваў песні, вершы з рэпертуару карыфеяў беларускай песні.
Вядучая вечара Галіна Сантоцкая ў рамках прэзентацыі пазнаёміла прысутных з асноўнымі фактамі біяграфіі Ігара Лучанка і Уладзіміра Карызны, праспявала акапэльна песню “Гудчык”, чытала вершы і прадстаўляла гледачам выступаючых артыстаў.
А жадаючых праспяваць цудоўныя меладычныя песні было вельмі шмат: гурт беларускай народнай песні “Купалінка” выканаў “Польку беларускую”, харавая капэла “Спадчына” - “Зорачка мая”, “Дом, дзе мы радзіліся”, вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” - “Азёры дабрыні” і “Спатканне”, член таварыства “Уздым” Зінаіда Сіліня заспявала акапэльна песню “Люблю, цябе, Белая Русь”, даўгаўпілскі бард Віталь Міхайлоўскі – “Майскі вальс”; танцавальны ансамбль “Лянок” прысвяціў юбілярам новы танец.
Мілагучныя вершы Уладзіміра Карызны чыталі Марыя Памецька, Іна Валюшка; а Лілія Воранава напрыканцы прачытала верш Настассі Сазанковай, прысвечаны
Ігару Лучанку. Сваімі цёплымі ўспамінамі пра знакамітага кампазітара падзялілася кіраўніца “Спадчыны” Яніна Юзэфовіч, якак калісьці была яго вучаніцай. Дарэчы, вучаніцай У.Карызны была і Тэрэса Паўлава, якая спявае ў “Купалінцы”. Яна таксама даслала віншаванне свайму настаўніку.
У канцы вечарыны метадыст ЦБК Марыя Памецька ад імя Цэнтра беларускай культуры і беларускага таварыства “Уздым” зачытала сардэчныя і шчырыя віншаванні для юбіляраў, якія будуць адпраўлены ў Беларусь на імя Ігара Лучанка і Уладзіміра Карызны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры