25 красавіка 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках праекта «Куфар беларускіх скарбаў», прысвечанага 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі, адбылася вечарына, прысвечаная гісторыі беларускіх абрусаў, дыванкоў і іншых упрыгожванняў дома.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/231-galdauti-non-ca-baltkrievu-d-rgumu-l-d#sigProIde2c69895b5
Кожнае мерапрыемства праекта прысвечана аднаму прадмету з бабулінага куфра. У свой «Куфар беларускіх скарбаў» мы ўжо склалі такія сакральныя аўтэнтычныя вырабы як: тканыя і вышытыя ручнікі, плеценыя паясы, пашытыя нацыянальныя касцюмы – усё тое, што з’яўляецца матэрыяльнай спадчынай беларусаў. Зараз надышла чарга абрусаў і кілімкоў. У гэты дзень у ЦБК сабраліся ўсе, каго цікавіць багатая беларуская культура, яе матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына.
У Беларусі здаўна было развіта хатняе мастацкае ткацтва. Стваральнікам узорыстых вырабаў з'яўляецца простая беларуская сялянка, якая ўклала ў сваю працу не толькі шматвяковы вопыт, але і шмат густу, фантазіі і, вядома ж, часцінку душы.
Вялікую ролю ў побыце беларускага сялянства меў абрус, які мог быць і тканым, і вышываным, і плеценым на рамцы, і вязаным кручком. Абрус лічыўся неад'емнай часткай хатняга побыту і ўжываўся як у дэкаратыўных, так і гігіенічных мэтах. У чыстай палове хаты заўсёды стаяў стол, накрыты ўзорыстым ільняным абрусам. За «голы» (без абруса) стол есці не садзіліся, бо верылі, што ў хаце не будзе дастатку. У святочныя дні ў дамах часцяком можна было ўбачыць своеасаблівую выставу прыгожых абрусаў. Пра ўсё гэта і многае іншае распавяла кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства «Уздым» Жана Раманоўская. Яна таксама прадставіла прэзентацыю на экране абрусаў і вялікую разнастайнасць узораў на іх; а таксама кілімкі і палавікі.
Затым была дэманстрацыя абрусаў з Гродзенскай, Віцебскай і Гомельскай вобласцей. Гаспадыні гэтых унікальных рэчаў (Галіна Сантоцкая, Жана Раманоўская, Інэса Казлоўская, Лілія Воранава) падзяліліся ўспаміны пра свае бабуль, матуль, якія сваімі рукамі стварылі такую прыгажосць.
Акрамя абрусаў, для ўпрыгожвання жылля карысталіся даматканымі і вышытымі сурвэткамі, якія ў Беларусі называліся макаткамі. Ж.Раманоўская прадэманстравала вышытыя сурвэткі сваёй свякрухі, а таксама перададзеныя ў дар музею ад Яўгеніі Гуляевай, Галіны Сантоцкой, Ліліі Воранавай; а потым прадставіла выставу ходнікаў, звязаных умелымі рукамі ўнікальнай 96-гадовай жанчыны з вёскі Парыж Пастаўскага раёна (Беларусь) - Краско Соф'і Сямёнаўны. Падрабязней пра рукадзельніцу расказалі госці вечарыны - яе дачка Ірына Ясюкевіч і нявестка Галіна Краско, якія падарылі ў дар музею ходнік сваёй мамы.
У музей, які ствараецца пры ЦБК, яшчэ паступіла шмат дароў: Лілія Воранава падарыла два даматканыя пакрывалы, каштоўныя кнігі і чамадан; Ірына Хажэўская - два абрусы, вышытыя і тканыя яе бабуляй; Валянціна Анікіна - тканы і вязаны абрусы.
На вечары не абышлося, вядома ж, без музычных нумароў. У выкананні творчых калектываў «Купалінка», «Лянок», «Спадчына», «Пралескі», «Паўлінка» былі выкананы песні, танцы, паказаны абрады; свае вершы прачытаў паэт Станіслаў Валодзька; прагучалі вершы з паэмы беларускай паэткі Ларысы Генюш «Куфар» і радкі вершаў Райніса ў перакладзе на беларускую мову ў выкананні Марыі Памецька, Тэрэсы Паўлавай, Ліліі Воранавай.
Закончыўся вечар пад кранальную беларускую песню «Сустрэча з домам» у выкананні ансамбля "Купалінка" і словамі кіраўніцы ЦБК Жаны Раманоўскай і метадыста Марыі Памецька пра тое, што гэты год у Беларусі абвешчаны годам малой Радзімы. І ў кожнага з нас ёсць такі самы дарагі сэрцу куток, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, сказалі першыя словы, адкуль павыляталі ў вялікае жыццё. Воляю лёсу мы зараз жывем у Латвіі, якую любім і якая стала для нас другой радзімай. Але назаўжды ў нашых сэрцах будзе жыць любоў да тых месцаў, адкуль мы родам...
Наступнае мерапрыемства праекта, прысвечанае беларускім дыванам, пройдзе 25 мая 2018 года, у 18.00, у Цэнтры латышскай культуры (Даўгаўпілс, вул.Рыгас, 22-А).
Адкрыем разам яшчэ адну старонку багатай гісторыі беларусаў Латвіі!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры