У пятніцу, 6 красавіка 2018 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) выстава карцін «Зімовая мелодыя» студыі самадзейных мастакоў Цэнтра «Каларытны свет» змянілася новай - выставай карцін Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі з сімвалічнай назвай "Прысвячэнне". Свет прыгажосці і гармоніі прадстаўлены ў 26-ці карцінах і прысвечаны 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/213-latgales-m-kslinieki-velt-ja-izst-di-latvijas-simtgadei#sigProIdc97c1ba6ee
Асацыяцыя свабодных мастакоў Латгаліі, якой нязменна кіруе Марыя Сафронава, у гэтым годзе адзначае сваё 15-годдзе. Грамадская арганізацыя праводзіць актыўную творчую дзейнасць, паспяхова арганізоўваючы шматлікія выставы, у тым ліку і ў ЦБК. На выставе пад філасофскай назвай "Прысвячэнне" прадстаўлены работы 8 членаў Асацыяцыі: Марыі Сафронавай, Яніса Даўкшта, Настассі Сазанковай, Ефрасінні Лелэ, Маргарыты Лабанарскай, Таццяны Рускулэ, Руфіны Канстанцінавай, Святланы Чарняевай.
Кожны з прадстаўленых мастакоў - яркая і шматгранная творчая асоба, якая валодае шматлікімі здольнасцямі і талентамі, якая мае свой мастацкі почырк і стыль. У гэтым змаглі пераканацца наведвальнікі выставы, на адкрыцці якой мастакі не толькі прадставілі свае карціны, коратка распавялі пра сябе, але і чыталі вершы ўласнага сачынення.
Пад гукі скрыпкі адкрылася выстава музычным творам чэшскага кампазітара Антаніна Дворжака ў выкананні кіраўніцы вакальнага ансамбля «Пралескі» Настассі Малышавай. Вядучая вечара метадыст Марыя Памецька акрэсліла тэму выставы і прадаставіла слова кіраўніцы Асацыяцыі Марыі Сафронавай. У сваім выступленні яна распавяла пра тое, што назва "Прысвячэнне" - не выпадкова, таму што выстава прысвечана 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі. На працягу вечара М.Сафронава прадставіла ўсіх мастакоў, а таксама падзякавала Цэнтру беларускай культуры за супрацоўніцтва і ўручыла Беларускай нядзельнай школе "Вясёлка" таварыства "Уздым" у падарунак кнігу "Сёння глядзіць у заўтра".
Вечар атрымаўся вельмі разнастайным і цікавым. Аматары жывапісу змаглі не толькі палюбавацца карцінамі, але і паслухаць вершы, якія прачыталі мастакамі, песні ў выкананні даўгаўпілскага паэта і барда Анатоля Галера, «гукаць» (зазываць) вясну разам з фальклорным ансамблем «Купалінка» і праспяваць сумесна песні-вяснянкі.
Шмат цёплых слоў у адрас мастакоў прагучала ад Цэнтра рускай культуры, ад даўгаўпілскіх паэтаў і проста гасцей; а кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, уручаючы маляўнічую афішу і кветкі разам з членам праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Таццянай Дзянісавай, адзначыла, што трое з прадстаўленых мастакоў - М.Сафронава, Н.Сазанкова, Е.Лелэ, з'яўляюцца членамі «Уздыма», а таксама падзякавала ўсім за плённае супрацоўніцтва.
Азнаёміцца з выставай можна будзе да 20 мая 2018 года ў памяшканні ЦБК (з 9.00 да 17.00) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры