6 кастрычніка 2018 года ў г.Вісагінас (Літва) прайшло 22-е Свята беларускай песні, якое сабрала вакальныя калектывы беларускіх таварыстваў Літвы, а таксама гасцей з Латвіі і Беларусі. У ліку іх у фестывалі самы актыўны ўдзел прыняла дэлегацыя беларусаў з Даўгаўпілса.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/206-belaruskaya-pesnya-sabrala-visaginase-ansambli-litvy-latvii-i-belarusi#sigProIdb9b5b471a8
Вісагінас – невялікі, зялёны і сучасны, а галоўнае, вельмі зручны для жыцця горад, размешчаны ў маляўнічых месцах, недалёка ад межаў трох дзяржаў – Літвы, Латвіі і Беларусі. Тут жа размешчана самае вялікае возера Літвы – Друкшяй. Ён асаблівы, не падобны на іншыя гарады Літвы. Аб горадзе-спадарожніку Ігналінскай атамнай электрастанцыі, заснаваным 33 гады таму, ходзіць шмат легенд. Вось і красуецца на сінім фоне Вісагінскага герба серабрысты журавель, які сімвалізуе асцярожнасць і пільнасць. А сам горад з гонарам носіць назву «Усіх абараняючы» (visus gina).
Аб'яднанне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы штогод арганізуе Свята беларускай песні, кожны раз мяняючы горад правядзення песеннага форуму. У гэтым годзе фестываль прымаў Вісагінас, і гэта невыпадкова, паколькі мясцовы ансамбль «Світанак» святкаваў свой 20-гадовы юбілей.
Свята беларускай песні пачалося з адкрыцця перасовачнай выставы «Жыццё ў Слове" з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прадоўжыўся канцэртам, на якім выдатна выступілі калектывы і салісты з многіх беларускіх таварыстваў Літвы, а таксама ансамбль беларускай народнай песні "Церніца" з Беларусі.
У рамках падпісанай дамовы паміж Даўгаўпілскім ЦБК і беларускім культурным цэнтрам "Крок" г.Вісагінаса ў Свяце беларускай песні выдатна выступілі наш ансамбль народнай песні "Купалінка" (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька.
Ключавую ролю Свята беларускай песні ў захаванні культурнай спадчыны беларусаў у Літве адзначыў у сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль. Мэр Вісагінаса Даля Штраўпайтэ вельмі высока ацаніла ўклад беларусаў горада ў справе папулярызацыі беларускай культуры і захаванні сваіх традыцый, іх важную ролю ў фарміраванні высокага іміджу горада на міжнародным узроўні.
Кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская падкрэсліла аб'яднаўчую ролю песні ва ўмацаванні сувязяў паміж людзьмі, арганізацыямі, гарадамі і краінамі, павіншаваўшы партнёраў – Беларускі культурны цэнтр "Крок", ансамбль «Світанак» і Аб'яднанне грамадскіх беларускіх арганізацый Літвы.
Дзве гадзіны канцэрта праляцелі на адным дыханні. Гледачы не скупіліся на шчодрыя апладысменты. Да новых сустрэч на наступных святах беларускай песні, якая напоўнена любоўю, дабрынёй, шчодрасцю і шчырасцю беларускай душы!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст ЦБК