У аўторак, 16 студзеня 2018 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся чарговы творчы вечар паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў Станіслава Валодзькі. На музычна-паэтычным мерапрыемстве прагучала шмат віншаванняў, песень і вершаў у выкананні творчых калектываў ЦБК і шматлікіх запрошаных гасцей.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/200-sta-islava-volodjko-rado-ais-vakars-sapulc-ja-daudz-viesu#sigProId993472fcbb
Станіслаў Валодзька - ураджэнец Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці (Беларусь), аўтар некалькіх паэтычных кніг для дарослых і зборнікаў вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей на беларускай і рускай мовах; узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў РБ і памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М.А.Шолахава "За гуманізм і ўклад у славянскую культуру". Яго вершы публікуюцца ў Латвіі і Беларусі, у Расіі, Украіне, Польшчы, Англіі.
Вельмі шмат яго вершаў пакладзены на музыку і гучаць як выдатныя лірычныя песні ў выкананні вакальных калектываў і салістаў Даўгаўпілса, іншых гарадоў Латвіі і замежжа. Тэма радзімы і роднай мовы, захавання бясцэннай спадчыны бацькоў, тэма кахання і прыроды, дзіцячая тэма і шмат іншых - усё гэта чырвонай ніткай праходзіць праз творы аўтара.
На вечарыне прагучалі песні на беларускай мове як аўтарскія, так і ў перакладзе С.Валодзькі з латышскай і польскай моваў у выкананні калектываў ЦБК: харавой капэлы «Спадчына» (кіраўніца Яніна Юзэфовіч), ансамбля народнай песні "Купалінка" (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), вакальна-інструментальнага ансамбля «Пралескі» (кіраўніца Настасся Малышава); салісткі Юлі Хмяльніцкай і дуэта Ю.Хмяльніцкай і Настассі Лукашонак. Танцавальны ансамбль "Лянок" (кіраўніца Марына Медунецкая) выканаў танец «Матулін ручнік» пад песню ансамбля "Купалінка". А яшчэ для ўсіх прысутных цудоўныя песні на вершы С.Валодькі падарылі госці: Наіля Янсане, Віталь Міхайлоўскі, Яўген Пашкевіч з Ліван; дзіцячы дуэт Сафіі Блізнаковой і Дарыны Растоўскай, які выдатна выканаў латышскую калыханку на беларускай мове ў перакладзе аўтара.
Варта адзначыць, што на вечары прагучала некалькі прэм'ерных песень, прагучалі вершы ў выкананні самога аўтара, Галіны Сантоцкой і Інэсы Казлоўскай. Зямлячкі С.Валодзькі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра родны край: Марыя Памецька распавяла аб незабыўнай мінулагодняй паездцы на радзіму ў г.Астравец, дзе прайшла творчая сустрэча паэта з землякамі, а Галіна Сантоцкая расказала пра мястэчка Міхалішкі і прачытала верш "Міхалішскі касцёл" (дарэчы, знакаміты помнік архітэктуры ў стылі барока XVII стагоддзя, куды ў дзяцінстве ўсе яны хадзілі на службу).
На вечарыне прагучала шмат цёплых віншаванняў і добрасардэчных пажаданняў Станіславу Валодзьку ад кіраўніцы ЦБК і старшыні таварыства «Уздым» Жанны Раманоўскай, члена праўлення беларускага таварыства "Уздым" Іны Валюшкі, шматлікіх даўгаўпілскіх літаратараў. У адказ віноўнік урачыстасці падарыў некалькі сваіх кніг у бібліятэку ЦБК. Вечар прайшоў у вельмі сяброўскай, непафаснай абстаноўцы і закончыўся песняй на словы С.Валодзькі "Беларускі дом", якая ўжо стала гімнам усіх беларусаў замежжа і нашага Беларускага дома.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
метадыст Марыя Памецька