У пятніцу, 12 студзеня 2018 года, прахожыя па вул.Рыгас у Даўгаўпілсе былі надзвычай здзіўлены з'яўленнем незвычайнай кампаніі вясёлых калядоўшчыкаў, якія з музыкай, жартамі, песнямі і танцамі прайшліся па вуліцах горада, віншуючы ўсіх тых, хто трапляўся на іх шляху, з Калядамі. Гэта каманда Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і беларускага таварыства «Уздым» знаёміла маленькіх і дарослых гараджан са старадаўняй традыцыяй святкавання беларускіх Каляд.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/199-daugavpils-iel-s-atskan-ja-baltkrievu-ko-adi#sigProId64d792ae76
Каляды для продкаў сучасных беларусаў былі галоўным зімовым святам, звязаным ў першую чаргу з днём зімовага сонцастаяння і сімвалізаваў пачатак новага года - і сонечнага, і сельскагаспадарчага. Згодна з беларускімі народнымі традыцыямі, дні ад Каляд да Вадохрышча - час Каляд, традыцыі святкавання якіх беларусы захоўваюць па гэты дзень. Яно напоўнена вясёлымі песнямі і танцамі, ахутана магічным сэнсам. Абавязковы атрыбут свята - хаджэнне калядоўшчыкаў па хатах з песнямі, гульнямі, варажбой. Калядоўшчыкі славілі гаспадара дома і яго сям'ю. За гэта іх адорвалі ўсялякімі прысмакамі і дробнымі грашыма. Зачыніць перад калядоўшчыкамі дзверы азначала наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку.
Каманда ЦБК вырашыла ў гэтым годзе пазнаёміць горад з даўняй традыцыяй, і менавіта таму гараджане змаглі ўбачыць беларускіх калядоўшчыкаў: Гаспадыню з вясёлай Казой (Галіна Сантоцкая і Інэса Казлоўская), Механошу з каляднай зоркай (Марыя Памецька), Мядзведзя (Надзея Свірковіч), Варажбітку з бубнам (Вэлта Лоцэ), Сабаку (Валянціна Анікіна). Пад гукі акардэона, бубна, трашчотак і свісцёлак, з песнямі, танцамі, жартамі і прымаўкамі яны прайшліся па вуліцы Рыгас, плошчы Віенібас, па дарозе заходзілі ў магазіны і кафэ, раздаючы ўсім пажаданні здароўя, згоды, дабрабыту і частуючы салодкімі прысмакамі. Даўгаўпілчане з рознай доляй актыўнасці ўключаліся ў гульні, вадзілі карагоды, падпявалі і прытанцоўвалі.
Вясёлая кампанія калядоўшчыкаў пабывала ў гарадской думе. Па дарозе выпадкова сустрэла мэра Даўгаўпілса Рыхарда Эйгімса і павіншавала са святамі, зазірнула ў кабінеты старшыні камітэта па пытаннях адукацыі і культуры Яніса Дукшынскага і выканаўчага дырэктара думы Інгі Голбергі, пакалядавала супрацоўнікам інфармацыйнага цэнтра; а затым накіравалася ва Упраўленне культуры, дзе свае добрыя пажаданні адрасавала кіраўніку Упраўлення культуры Элеаноры Кляшчынскай і яе намесніку Віце Вілеўцы. Ніхто ў гэты дзень не застаўся абыякавым ад святкавання «Беларускіх Каляд» і атрыманых ад іх самых добрых і светлых уражанняў.
А чарада святочных мерапрыемстваў прадоўжылася ў памяшканні ЦБК у суботу, 13 студзеня, - «Калядкамі» для выхаванцаў беларускай нядзельнай школе "Вясёлка" і "Калядамі» для членаў таварыства «Уздым».
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК
т. 29811969