2 снежня 2017 года ў Даўгаўпілсе прайшоў адзін з рэгіянальных адборачных аглядаў на Уселатвійскае свята песні і танца і Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica-2018», на якім перад аўтарытэтным журы сваю праграму прадставілі і пяць творчых калектываў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/188-pieci-baltkrievu-kolekt-vi-uzst-j-s-visp-r-jo-latvie-u-dziesmu-un-deju-sv-tku-atlases-skat#sigProId459dd14a89
Уселатвійскае свята песні і танца і Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica-2018» пройдзе ў 2018 годзе з 30 чэрвеня па 8 ліпеня.
З самай раніцы ў Цэнтры латышскай культуры панавала ажыўленне і хвалюючы настрой. Творчыя калектывы нацыянальных меншасцяў Латгаліі рыхтаваліся прыняць удзел у адборачным аглядзе Уселатвійскага свята песні і танца і фальклорнага фестывалю «Baltica-2018». Тэмай будучага фестывалю стала свята летняга сонцастаяння, свята Ліга ў латышскай традыцыі, а ў беларусаў гэта Купалле. У гэтым годзе на агляд было заяўлена 29 вакальных і танцавальных ансамбляў, хораў, выканаўцаў сола.
Беларускую дыяспару Даўгаўпілса прадставілі творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры - ансамбль народнай беларускай песні "Купалінка" (кіраўнік В.Пятроў), танцавальны ансамбль "Лянок" (кіраўніца М.Медунецкая), харавая капэла «Спадчына» (кіраўніца Я.Юзэфовіч) , вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" (кіраўніца А.Малышава) і тэатральная студыя «Паўлінка» (кіраўніца І.Казлоўская).
Канцэртная праграма кожнага калектыву (працягласцю да 12 хвілін) стала дэбютным выступленнем, паколькі адмыслова рыхтавалася для такой важнай падзеі, як адборачны агляд на Уселатвійскае свята песні і танца, і была прадэманстравана прафесійнаму журы з Рыгі. Патрапіць на прэстыжны культурны форум Латвіі - гонар для кожнага аматарскага калектыву ЦБК, тры з якіх раней выступалі на ім.
Вынікі рэгіянальнага адборачнага агляду будуць вядомыя ў пачатку 2018 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры