Сапраўднае свята бульбы прайшло ў г.Екабпілсе ў суботу, 23 верасня 2017 года. Арганізаваны ён быў мясцовым беларускім таварыствам «Спатканне», па запрашэнні якога на свяце з цікавай канцэртнай праграмай выступіў ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/173-aizraujo-as-daugavpils-baltkrievu-dziesmas-skan-ja-kartupe-u-pas-d-an-s-j-kabpil#sigProId95c2553bcd
Яркім сонечным суботнім днём дэлегацыя з Даўгаўпілса адправілася ў творчую паездку на "Бульбяныя вячоркі» у г.Екабпілс. Свята бульбы стала ўжо традыцыйным, праводзіцца каторы год запар і з кожным годам становіцца ўсё больш яркім і цікавым.
Беларускія народныя песні з падтанцоўкамі, прыпеўкі, невялікія сцэнічныя пастаноўкі, гульні і конкурсы, дэгустацыя страў склалі аснову вясёлага свята. Гарэзлівы і жартоўны настрой суправаджалі гасцей на працягу ўсяго вечара, і нават вядомы ўсім шкоднік «Каларадскі Жук» са сваёй сяброўкай «Паршой», артыстычна сыграныя Тамарай Бухціяравай і Зінаідай Грынько, не змаглі сапсаваць яго.
Яркія музычныя нумары на суд гледачоў прапанавалі як гаспадары свята - екабпілскі беларускі ансамбль «Завіруха», так і госці: ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" з Даўгаўпілса і прадстаўнікі Ліванскага славянскага таварыства «Узоры»; а паэт Станіслаў Валодзька (Даўгаўпілс) прачытаў свой верш «Ода бульбе».
Самым важным пунктам праграмы сталі беларускія стравы з бульбы, па-майстэрску прыгатаваныя ўмелымі рукамі екабпілскіх гаспадынь. Дэгустацыя выклікала непасрэдную цікавасць і непадробленае захапленне ўсіх прысутных.
У канцы вечара метадыст Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька і член праўлення Даўгаўпілскага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Галіна Сантоцкая са словамі вялікай удзячнасці за цёплы і гасцінны прыём уручылі памятныя падарункі кіраўніцы беларускага таварыства Екабпілса "Спатканне" Валянціне Дарашчонак.
Беларусы Даўгаўпілса везлі з сабой дадому не толькі ганаровыя граматы і падарункі, але і пачуццё вялікай радасці ад цёплай і сардэчнай сустрэчы са сваімі сябрамі. Напэўна, таму ўсю дарогу з Екабпілса да Даўгаўпілса гучалі забіяцкія песні на розных мовах, у такт выдатнаму настрою, атрыманаму ў ходзе паездкі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры