23 мая 2017 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у рамках Дзён беларускай культуры адкрылася выстава карцін студыі самадзейных мастакоў «Каларытны свет». Гэты дзень праходзіў пад знакам Еўфрасінні Полацкай - апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/145-240517#sigProIda5499b4146
Цэнтр беларускай культуры праводзіць шмат разнапланавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзён беларускай культуры. Адно з іх - гэта адкрыццё выставы. У Беларускім доме даўно і плённа супрацоўнічаюць з мясцовымі мастакамі. Тут неаднаразова праводзіліся шматлікія як персанальныя, так і зборныя выставы самадзейных мастакоў. Зусім нядаўна пры ЦБК пачала працаваць мастацкая студыя «Каларытны свет» пад кіраўніцтвам Вэлты Лоцэ, якая аб'яднала непрафесійных мастакоў нашага горада.
На выставе прадстаўлена больш за 60 карцін майстроў, якія ўжо знаёмыя аматарам мастацтва па папярэднім выставах - Вэлты Лоцэ, Еўфрасінні Лелэ, Пятра Лаўрэнава; а таксама наведвальнікі адкрылі для сябе новае імя мастака Барыса Барысава, карціны якога ўпершыню былі публічна прадстаўлены шырокаму гледачу ў ЦБК.
Усе прадстаўленыя мастакі ў сваіх выступленнях распавялі пра сябе, пра свае карціны, пра тое, як кожны з іх стаў на творчую сцежку. У кожнага майстра свой стыль і почырк, свая тэхніка жывапісу, але ўсе працы прасякнуты шчырай любоўю да роднага краю, да сваёй малой радзімы, да роднай прыроды і людзей. Пра гэта, пра таленавіта выкананыя работы, аб важнай ролі мастацтва ў жыцці чалавека і многае іншае гаварылі на выставе кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, метадыст Марыя Памецька, старэйшы работнік культуры Яўгенія Гуляева і многія іншыя госці вечара.
Мерапрыемства суправаджалі музычныя нумары. Харавая капэла ЦБК "Спадчына" (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч) выканала некалькі новых беларускіх песень; таксама прагучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні Аліны Калінай і сямейнага дуэта Вікторыі і Віталя Міхайлоўскіх; было шмат вершаў і праніклівых слоў. А потым усе жадаючыя змаглі пагутарыць з мастакамі бліжэй і пакінуць запіс у кнізе водгукаў.
Выстава «Каларытны свет» будзе адкрыта да 22 чэрвеня 2017 года (з 9.00 да 17.00) па адрасе: г.Даўгаўпілс, вул. Алеяс,68. Уваход бясплатны.
Арганізатар: Цэнтр беларускай культуры.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68