21 красавіка 2017 года ў вялікай зале даўгаўпілскага Палаца культуры прайшоў юбілейны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю ансамбля беларускай народнай песні «Купалінка» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Гледачы пабывалі на цёплай сустрэчы і атрымалі асалоду ад самабытнага беларускага каларыту. Шырокамаштабнае мерапрыемства было арганізавана ЦБК пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе і беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/138-240417#sigProIdcc001b9ba6
Мілагучная, прыгожая назва «Купалінка» сімвалізуе дзяўчыну, якая шукае кветку шчасця ў ноч на Івана Купалу. Назвай ансамбль абавязаны свайму першаму кіраўніку – педагогу і музыканту Яніне Юзэфовіч. У рэпертуары ансамбля «Купалінка» пад кіраўніцтвам Вячаслава Пятрова - лірычныя і гумарыстычныя песні з непаўторнымі беларускімі фарбамі і адценнямі.
За 25 гадоў творчай дзейнасці ансамбль «Купалінка» стаў удзельнікам шматлікіх міжнародных фестываляў і свят у Латвіі, Беларусі, Літве. Найбольш вядомыя з іх: Міжнародны фальклорны фестываль «Балтыка», XXV Уселатвійскае свята песні, II Міжнародны фестываль народнага мастацтва “Аўгшдаўгава” (Латвія); «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародны фестываль “Браслаўскія зарніцы”, Міжнародны фестываль “Залессе збірае сяброў», «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім (Беларусь) і, вядома ж, Міжнародны фестываль народных культур «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
У рэпертуары ансамбля больш 40 беларускіх фальклорных і абрадавых песен, а таксама - латышскія і латгальскія народныя песні, тэматычныя аўтарскія песні на беларускай мове, якія і ляглі ў аснову канцэрта. У выкананні ансамбля «Купалінка» прагучалі лепшыя песні з багатага рэпертуару калектыва, як тыя, што даўно спадабаліся гледачу, так і новыя. Пад беларускую народную песню «Купалінка» ансамбль выйшаў на сцэну ў новых нацыянальных беларускіх касцюмах, набытых да юбілею, дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню Даўгаўпілскай гарадской думы.
На ўпрыгожаную сцэну з букетамі і падарункамі, з прывітальнымі і віншавальнымі словамі падымаліся першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў і консул Антаніна Струнеўская; а таксама іншыя высокія госці з Упраўлення культуры, Саюза беларусаў Латвіі, Сэйма, Цэнтра польскай культуры, Цэнтра рускай культуры, таварыства «Уздым», Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца», Лудзэнскага беларускага таварыства «Крыніца».
У гонар юбілею кожны ўдзельнік ансамбля быў асабіста адзначаны ганаровымі граматамі Даўгаўпілскай гарадской думы і кветкамі. З Беларусі ансамблю “Купалінка” былі ўручаны Ганаровыя граматы ад Кабінета Міністраў і Міністэрства культуры.
Падарункамі “Купалінцы” ад сяброў сталі добрыя словы, кветкі і яскравыя песні - ад саліста з Міёр (Беларусь) Аляксея Астукевіча; ад ансамбляў «Завіруха» з Екабпілса, «Узоры» з Ліван, «Рабінушка» з Прэйляў, «Сузор’е» з Рэзэкне; вершы паэтаў Станіслава Валодзькі і Паўла Плотнікава, прысвечаныя ансамблю «Купалінка».
У канцэрце таксама прымалі ўдзел калектывы даўгаўпілскага ЦБК: вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі”, танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла «Спадчына», тэатральная студыя “Паўлінка”, якія падарылі юбілярам цікавыя выступленні.
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі юбілейнага свята Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе і таварыству «Уздым»; за інфармацыйную падтрымку – газеце «Миллион» і «Латгалес лайкс», тэлебачанню Даутком, радыё «Алисе+», парталам “D-fakti.lv” і “Nasha.lv”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306