«Свет кветак» - пад такой назвай у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) 11 красавіка 2017 года адкрылася юбілейная фотавыстава Сафіі Кавалёвай-Крываносавай, прымеркаваная да 80-годдзя вядомай у Даўгаўпілсе і за яго межамі фотамастачкі. Мноства выстаўленых фотаздымкаў аб’яднаныя тэмай кветак і нясуць у сабе зарад яркай і станоўчай энергіі, добрага настрою і дзіўнай гармоніі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/137-180417#sigProIddc09ef438d
Сафія Ільінічна нарадзілася ў вёсцы Пашкова Старасельскага сельсавета Віцебскай вобласці. Падчас вайны, у малалетнім узросце, разам з маці была вывезена ў Германію. Пасля вайны выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Даўгаўпілсе. Закончыла Рамеснае вучылішча і Электрамеханічны тэхнікум у Рызе. Працавала інжынерам у ПМК Энергабуда ў Даўгаўпілсе.
Сафія Кавалёва-Крываносава - яркая і шматгранная творчая асоба са шматлікімі здольнасцямі і талентамі. Фатаграфіяй займаецца з маладых гадоў, яе фотавыставы неаднойчы праходзілі ў Даўгаўпілсе, а таксама ў Вільнюсе і Пскове. Узнагароджана дыпломам «Залаты аб’ектыў» Акадэміі літаратуры і мастацтва (Італія). Яна з’яўляецца членам пісьменніцкай арганізацыі «Русло-Л», выдала тры зборнікі вершаў. Некалі ўзначальвала Спартыўны клуб інвалідаў Даўгаўпілса (і зараз удзельнічае ў яго рабоце), прымала ўдзел у спаборніцтвах па шашках, шахматах, стральбе, мае спартыўныя ўзнагароды.
На адкрыцці выставы Сафія Ільінічна расказала нямала цікавага пра сябе, аб сваёй любімай справе – фотаграфаванні, прачытала свае вершы. А потым былі ўзнагароды і віншавальныя словы. Юбілярша атрымала ганаровыя граматы, падзякі і кветкі ад першага намесніка старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніса Дукшынскага, ад консула Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніны Струнеўскай, ад кіраўніцы ЦБК Жаны Раманоўскай, ад члена праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Таццяны Дзянісавай.
Для віноўніцы ўрачыстасці свае вершы чыталі вядомыя даўгаўпілскія аўтары Настасся Сазанкова, Кацярына Андрэева, Павел Плотнікаў; гучалі песні на латышскай і беларускай мовах у выкананні харавой капэлы ЦБК «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч) і салісткі ансамбля «Пралескі» Юліі Хмяльніцкай; кранальныя віншаванні ад сузаснавальніцы «Уздыма», шматгадовага работніка культуры Ягеніі Гуляевай і іншых гасцей.
Выставу «Свет кветак» усе жадаючыя могуць наведаць да 28 красавіка 2017 года (з 9.00 да 17.00) па адрасу: Палац культуры, вул.Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб..
Запрашаем полюбавацца вялікай разнастайнасцю кветак: ад мілых нашаму сэрцу палявых да экзатычных…
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306