20 студзеня 2016 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася чарговая прэзентацыя паэтычнага зборніка-альманаха “Берега поэзии”, у якім апублікаваны творы 27 даўгаўпілскіх аўтараў, як ужо шырока вядомых прыхільнікам паэзіі, так і тых, з кім яшчэ належыць бліжэй пазнаёміцца чытачам.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/105-050117#sigProId41e251a58a
Кветкі на стале, запаленыя свечкі, упрыгожаная ёлка ў зале Беларускага дома стварылі задушэўную калядную атмасферу. А некалькі песень пад гітару, выкананых у самым пачатку вечара вядомай у горадзе спявачкай Аленай Віткевіч, як мага найлепей настроілі ўсіх на паэтычную хвалю.
Адкрываючы вечар, кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская адзначыла, што даўгаўпілскія паэты – частыя госці ў Цэнтры беларускай культуры, дзе кожны творчы сезон неаднаразова праходзяць іх літаратурныя вечарыны. Віншуючы паэтаў з чарговай літаратурнай перамогай, яна вобразна параўнала паэтычны зборнік «Берега поэзии» з румамі Рубона. Калісьці з іх на берагах Рубона (старажытная назва р.Заходняй Дзвіны-Даўгавы) сплаўлялі перагонныя плыты з беларускіх зямель у Рыгу. Так і паэты, якія пішуць на рускай і беларускай мовах, адпраўляюць свае вершы па кніжнай рацэ ў вялікі свет.
“Прекрасный стих подобен смычку, проводимому по звучным фибрам нашего существа. Не свои - наши мысли заставляет поэт петь внутри нас” - працытавала Анатоля Франса вядучая вечара метадыст Марыя Памецька і дабавіла, што сёння спяваць нашы думкі і душу прымусяць шмат паэтаў і паэтак. А “прыбіцца” да берагоў паэзіі дапамагалі сувядучыя мерапрыемства, адныя з аўтараў дадзенага зборніка, якія шмат зрабілі для яго выпуску - Людміла Вілюма і Павел Плотнікаў.
Творчы вечар быў арганізаваны Рускай пісьменніцкай арганізацый Даўгаўпілса сумесна з ЦБК і нездарма выклікаў вельмі вялікую жывую цікавасць сярод шматлікай аўдыторыі. Бо большасць аўтараў не толькі ўваходзяць у рускую пісьменніцкую арганізацыю Латвіі і яе творчую майстэрню “Русло”, але і цесна звязана каранямі (як, напрыклад, галоўны рэдактар кнігі Ірына Страздоніка-Плячко), роднаснымі і сваяцкімі сувязямі з Беларуссю; а Станіслаў Валодзька, Людміла Вілюма, Павел Плотнікаў, Настасся Сазанкова там нарадзіліся і ўвабралі духоўнасць, душэўнаўнасць, шчырасць і дабразычлівасць менавіта ад беларускай зямлі.
Паэтычных твораў у гэты ціхі вечар Адвэнту прагучала вялікае мноства. Затаіўшы дыханне, усе слухалі бліскучыя прамовы і дасціпныя рэплікі і, вядома ж, вершы ў выкананні саміх аўтараў альманаха: Кацярыны Андрэевай, Віталя Бацюка, Яўгена Ветлава, Людмілы Вілюмы, Зянона Ваяводскага, Станіслава Валодзькі, Уладзіміра Урэтаса, Людмілы Ідзанэ, Яўціхія Канаплёва, Маргарыты Лабанарскай, Юрыя Лаўрыненка, Наталлі Леанчук, Любові Нікіфаравай, Паўла Плотнікава, Таццяны Рускулэ, Настассі Сазанковай, Марыі Сафронавай, Таццяны Сэрвут, Ірыны Страздоніка-Плячко, Регіны Усачовай, Анатоля Харына, Вольгі Якаўлевай.
І, вядома ж, паэзія ідзе заўсёды разам з музыкай. Менавіта таму на гэтым, як і на іншых творчых вечарах, прагучала вельмі шмат музычных нумароў. Гэта і кранальныя песні пад гітару ў выкананні А.Віткевіч, і лірычныя ў выкананні ансамбля сеньёраў “Спадчына”, і сольныя кампазіцыі ад Людмілы Вілюмы і Любові Кавалёвай. А яшчэ было мора кветак, віншаванняў і душэўных размоў. Удзячныя слухачы доўга не разыходзіліся і вялі павольныя шчырыя гутаркі за кубкам кавы, працягвалі чытаць вершы і спяваць песні.
“Поэзия – горячий цех,
В котором место есть для тех,
Кто ночью и при свете дня
Прожить не может без огня.” (Ілля Сялінскі)
Гэтыя радкі ў поўнай меры адносяцца да нашых паважаных паэтаў. У завяршэнні вечара М.Памецька пажадала ўсім паэтам столькі агню ў сэрцы і цяплыні ў душы, каб іх хапіла на долгія гады: жыць, любіць, тварыць, радаваць усіх сваімі новымі вершамі і зборнікамі!
Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы праекту Рускай пісьменніцкай арганізацыі, атрымаўшай фінансавую дапамогу з “Фонда поддержки негосударственных организаций” Даўгаўпілскай гарадской думы. Калектыў аўтараў зборніка выказвае шчырую падзяку як Даўгаўпілскай гарадской думе, так і Цэнтру беларускай культуры за супрацоўніцтва пры арганізацыі і правядзенні прэзентацыі альманаха “Берега поэзии”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306